У новы год – з новым урадам і старымі праблемамі
Канец 2014 года ў Беларусі адзначыўся 30-адсоткавым падаткам на набыццё валюты і зменай кіраўніцтва ўраду, Нацбанка і адміністрацыі прэзідэнта.
Чарговая змена кіраўніцтва нічога, як звычайна, пазітыўнага не прынясе, кажа супрацоўнік аднаго з дзяржаўных банкаў Беларусі:
– Ні ў кога не ўзнікае ілюзіяў. Нічога не зменіцца ад гэтых новых прызначэнняў. Таму што ўсе гэтыя людзі са старой абоймы, усе яны ўжо былі на адпаведных пасадах. У нас ад змены месцаў складнікаў мала што зменіцца.
Паводле банкіра, 30-адсоткавы падатак наогул анамальная з’ява, ад якой трэба як мага хутчэй пазбаўляцца:
– Выйшла дастаткова незразумелая пастанова з гэтым падаткам. Саюзы прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў выступілі з прапановай ураду не займацца гэтай блытанінай, прывесці ўсё да аднаго знаменальніка, зрабіць дэвальвацыю працэнтаў 40, і «не пудрыць» мазгі – ні сабе, ні людзям, ні прадпрыемствам, ні банкам.
На думку банкаўскага служачага, яшчэ больш складаная эканамічная сітуацыя чакае Беларусь у 2015 і 2016 гадах. У цяперашнім кіраўніцтве краіны адсутнічае каманда, здольная справіцца з гэтай сітуацыяй.
Беларускае Радыё Рацыя