У Нямеччыне прайшлі выбары ў бундэстаг



Новы склад бундэстагу пашыраны да 709 месцаў, паведаміла ЦВК Германіі.

Альянс ХДС/ХСС на чале з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель атрымаў 246 месцаў у парламенце (ХДС — 200 месцаў, ХСС — 46) супраць 311 у мінулым складзе бундэстагу, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі — 153 месцы, «Альтэрнатыва для Германіі» — 94 месцы. Свабодная дэмакратычная партыя атрымлівае 80 крэслаў, „Левыя” – 69 і „Зялёныя” – 67.

Пасля апрацоўкі даных з усіх акругаў ЦВК Нямеччыны паведаміла, што альянс ХДС/ХСС набраў 33% (ХДС — 26,8%, ХСС — 6,2%). Другое месца заняла Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СдПГ) з вынікам 20, 5%. Трэцяй стала партыя „Альтэрнатыва для Германіі”, якая набрала 12,6%. Таксама пяціпрацэнтавы бар’ер адолелі Свабодная дэмакратычная партыя – 10,7%, „Левыя” – 9,2%, „Зялёныя” – 8,9%. Усе яны будуць прадстаўлены ў бундэстагу.

***

Ангела Меркель заявіла пра гатовасць сфармаваць урад Германіі. Паводле апошніх звестак яе блок здабыў на выбарах у бундэстаг 33,5% галасоў. Меркель выступіла са зваротам. Сярод іншага яна выказала занепакоенасць тым, што ў парламент прайшла праварадыкальная партыя. Канцлер назвала высокі вынік „Альтэрнатывы для Германіі” „сур’ёзнай праблемай”. Між тым лідар АдГ Аляксандр Гаўлянд, выступаючы перад аднапартыйцамі, паабяцаў „абвесціць паляванне” на Меркель. 

Нямецкі тэлеканал ZDF апублікаваў даныя экзіт-пола даследніцкай групы „Выбары”: 

„Хрысціянска-дэмакратычны саюз” і „Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС) на чале з Меркель атрымаў 33,3% галасоў.

Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі былога старшыні Еўрапарламенту Марціна Шульца заняла другое месца – 20,9% галасоў выбарцаў. 

„Альтэрнатыва для Германіі” заняла трэцяе месца – 13,2%. Крайне правыя не былі прадстаўлены ў парламенце краіны з 1950-ых гадоў.

Таксама ў бундэстаг праходзяць Свабодная дэмакратычная партыя – 10%, „Зялёныя” – 9% і „Левыя” – 9%.

Паводле экзіт-пола канала ARD  ХДС/ХСС атрымалі 32,5% галасоў а СДПГ – 20%.

***

Паводле першых вынікаў экзіт-полаў кіроўны блок ХДС/ХСС на чале з Ангелай Меркель перамог, але здабыў менш, чым прагназавалася – 32,5%. Сацыял-дэмакраты з сваім лідарам Марцінам Шульцам набралі 20%. Трэцяе месца заняла ўльтраправая і ў значнай ступені прарасейская партыя „Альтэрнатыва для Германіі” – 13,5%. Гэтая сіла ўпершыню прайшла ў бундэстаг. 

Таксама ў бундэстаг праходзяць Свабодная дэмакратычная партыя – 10,5%, „Зялёныя” – 9,5% і „Левыя” – 9%.

***

24 верасня ўвечары вызначыцца расстаноўка палітычных сілаў у лакаматыве Еўразвязу – Германіі. За месцы ў бундэстагу вядуць змаганне шэсць партый. Пераможца – ХДС/ХСС (блок двух хрысціянска-дэмакратычных партый) на чале з Ангелай Меркель відавочны заранёў. Але інтрыга палягае ў тым, з кім ёй давядзецца фармаваць кааліцыю, каб чацвёрты раз стаць канцлерам Нямеччыны.

Напомнім, што пасаду канцлера Ангела Меркель займае з 2005 году. Канцлера дзяржавы ў краіне абірае менавіта парламент.

Паводле папярэдніх раскладаў на месцы ў бундэстагу могуць разлічваць шэсць партый:

Хрысціянска-дэмакратычны саюз. Сацыялагічныя апытанні даюць кіроўнай партыі 36% падтрымкі. Па ўсёй верагоднасці, ХДС створыць кааліцыю і зноў правядзе ў канцлеры Меркель. 

Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі. Другая па палітычным уплыве сіла на сёння. Яе рэйтынг складае каля 22%.

Альтэрнатыва для Германіі. Гэтую партыю на захадзе называюць скрайне правай. Лідары АдГ Аліс Вайдэль і Аляксандр Гаўлянд могуць разлічваць на 11% галасоў. 

„Левыя” – партыя – нашчадак камуністычнай партыі ГДР. Сталі галоўнай сенсацыяй мінулых выбараў, дасягнуўшы тады трэцяга выніку. Аднак за мінулыя чатыры гады іх рэйтынг намнога знізіўся. Зараз разлічваюць на 10 % галасоў.

Свабодная дэмакратычная партыя – лібералы. Партыя, адна з старэйшых у Германіі,  пацярпела сур’ёзную паразу на мінулых федэральных выбарах. Яна не прайшла 5% парог і не была прадстаўлена ў бундэстагу. У выніку правяла сур’ёзны рэбрэндынг і знайшла новага лідара – маладога Крысціяна Лінднера, які ўдала выкарыстоўвае патэнцыял сацсетак. У выніку добрага выніку лібералаў, а іх рэйтынг складае больш 9% – Меркель можа выбраць іх як партнёра па кааліцыі, дадаўшы патэнцыял партыі Зялёных. Такую кааліцыю называюць „Ямайкай” – колеры партый: чорны, жоўты, зялёны адпавядаюць якраз сцягу гэтай карыбскай краіны.

„Зялёныя”. Вельмі ўплывовыя ў дзевяностыя і нулявыя гады, зараз страцілі свой асноўны патэнцыял. Аднак іх 7,5% падтрымкі могуць мець ключавое значанне ў разе фармавання кааліцыі „Ямайка”.

Беларускае Радыё Рацыя