У Нью-Ёрку прайшоў мітынг супраць блюзнерства ў Курапатах
11 жніўня ў Нью-Ёрку перад будынкам, у якім месціцца Генеральны кансулят Рэспублікі Беларусь, прайшоў мітынг у падтрымку абаронцаў Курапатаў.
Акцыя сабрала 17 чалавек з ліку неабыякавых беларусаў, якія пражываюць у ЗША.
Як адзначаюць удзельнікі мітынгу, яго мэтай было прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў Курапатах, дзе ўлады на чале з Лукашэнкам не жадаюць галосна прызнаць злачынствы камуністычнага рэжыму і праяўляюць наплявацельскае стаўленне да памяці нявінна забітых НКУС і пахаваных у Курапатах людзей.
Мітынгоўцы трымалі ў руках адпаведныя плакаты на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.
“Я лічу блюзнэрствам і здзекам са свайго народу дазвол пабудаваць на месцы расстрэлаў рэстаран. Цалкам падтрымліваю тых, у каго засталіся сілы пратэставаць з нагоды той ганьбы, што адбываецца цяпер у Курапатах. Такая мая пазіцыя,” – сказаў адзін з арганізатараў акцыі, сябра БНФ Аляксей Сманцар з Барысава.