У офісе „Белгазпрамбанка” праходзіць вобшук
У менскім офісе „Белгазпрамбанка” праходзіць вобшук у рамках крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Камітэта дзяржкантролю Кірыл Данілаў.
„Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і па ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры), — сказаў ён. — У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, а таксама былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сістэмы. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні”.
На ўдакладняльнае пытанне, ці праходзіць па гэтай справе былы старшыня „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, Данілаў адказаў: „Гэта асоба цяпер у рамках расследавання крымінальнай справы працэсуальнага статусу не мае”.
Віктар Бабарыка пакінуў пасаду кіраўніка праўлення „Белгазпрамбанка”, якую займаў амаль 20 гадоў, у сувязі з удзелам у цяперашняй выбарчай кампаніі.
4 чэрвеня падчас нарады па новым складзе ўрада Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму прэзідэнцкіх выбараў і прапанаваў задаць некалькі пытанняў аднаму з патэнцыйных кандыдатаў. „Вы ў яго спытаеце, задайце адно пытанне: што такое кампанія „ПрыватЛізінг”? Другое пытанне: дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі?” — пазначыў пытанні кіраўнік дзяржавы (верагодна, гаворка ідзе пра былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыку. — БелаПАН.).
Напярэдадні вобшуку, 10 чэрвеня, на нарадзе па актуальных грамадска-палітычных пытаннях Лукашэнка даручыў праверыць прыватныя кампаніі, якія ў апошнія тры месяцы звольнілі работнікаў, у тым ліку тых, „хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў”. „Калі яны хочуць у Беларусі прыстойна працаваць і даваць карысць для краіны, не крыўдзячы людзей, яны павінны аднавіць гэтых людзей або аплаціць за тры, два, адзін месяц за тое, што яны выкінулі беспадстаўна”, — заявіў афіцыйны лідар.
Лукашэнка таксама даручыў выпрацаваць схему з генеральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, следчыя органы і „прашарсціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны неслі адказнасць за людзей”. „Што за сістэма? На Гоа, Канары і яшчэ нейкія астравы ў іх ёсць грошы ехаць. А людзям нармальны заробак заплаціць — не могуць, а яшчэ з працы выганяюць. У нашай краіне гэтага быць не павінна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.
Збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты завяршаецца 19 чэрвеня.
Афіцыйны сайт Віктара Бабарыкі паведамляе, што па стане на 10 чэрвеня за вылучэнне былога кіраўніка праўлення „Белгазпрамбанка” кандыдатам у прэзідэнты сабрана больш за 285 тысяч подпісаў выбаршчыкаў пры неабходных для рэгістрацыі 100 тысячах.