У пагадненні з Расеяй аб узаемным прызнанні віз знойдзены кампрамісы
Пры падрыхтоўцы беларуска-расейскага пагаднення аб узаемным прызнанні віз бакі змаглі знайсці разумны баланс кампрамісаў. Такое меркаванне журналістам выказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
„Гэта баланс кампрамісаў. Розныя варыянты былі, але я лічу, што ў канчатковым выніку дасягнуты прымальны для ўсіх бакоў варыянт”, – заявіў міністр.
Паводле яго слоў, для беларускага боку было галоўным, каб грамадзяне трэціх краін маглі бесперашкодна праязджаць сумесную граніцу. „У нас ёсць агульная граніца ў рамках Саюзнай дзяржавы, яе ахова забяспечваецца надзейным чынам. З’яўляючыся транзітнай дзяржавай, мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб наша сумесная граніца была не перашкодай, а забяспечвала магчымасць свабоднага перамяшчэння. Нам здаецца, што гэта пагадненне дае такую магчымасць”, – сказаў Уладзімір Макей.
Як было заяўлена ў канцы лістапада, Беларусь і Расея ўзгаднілі ўсе пытанні па падрыхтоўцы пагаднення аб узаемным прызнанні віз. „Усе тэхнічныя моманты ліквідаваны. Сёння высокая гатоўнасць да падпісання гэтага дакумента”, – паведаміў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка.
Работа над праектам дакумента прадаўжалася паўтара года. Яго плануецца падпісаць на пасяджэнні саюзнага Саўміна, якое адбудзецца 13 снежня ў Берасці.