У „палатку” ўпершыню прапусцілі дэпутатаў ад апазіцыі



kanapackaia_anisim

Дэпутатам ніжняй палаты парламента выбраная прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на начной прэс-канферэнцыі.

Канапацкая балатавалася па Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 у Менску. Яе галоўнымі супернікамі была кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяна Караткевіч і начальнік станцыі Менск-Пасажырскі Менскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Дрожа.

Перамагла па сваёй Стаўпецкай акрузе і прадстаўніца Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алена Анісім.

На начной прэс-канферэнцыі паводле вынікаў выбараў Ярмошына не стала пералічваць усіх пераможцаў, як гэта было, напрыклад, чатыры гады таму. Паводле яе слоў, у яе ёсць некаторыя звесткі аб пераможцах выбараў па Менску, Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях, аднак яна не лічыць патрэбным іх пералічваць, бо гэтыя звесткі яшчэ не дакладныя.

Канчатковую інфармацыю аб пераможцах парламенцкіх выбараў Ярмошына абяцае абвясціць на прэс-канферэнцыі ў 10.00 12 верасня. Пры гэтым яна адзначыла, што гэтыя звесткі могуць з’явіцца раней у інтэрнэце.

Апазіцыя адсутнічала ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з 2004 года.

belapan.by