У Палаце прадстаўнікоў абураныя намерам правесці чарговы Марш „выклятых жаўнераў”



У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абураныя намерам зноў правесці марш памяці „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы, заявіў намеснік старшыні пастаяннай камісіі ніжняй палаты па міжнародных справах Алег Гайдукевіч 21 лютага на брыфінгу ў Менску.

„Не рэагаваць не можам ніяк. Ад імя дэпутатаў парламента я хачу выказаць глыбокае абурэнне тым, што ў Гайнаўцы зноў, чацвёрты год запар, заявілі пра намер правесці праварадыкальны марш. Самае крыўднае, што зноў будуць гаварыць пра Рамуальда Райса — ваеннага злачынцу, чалавека, які мае дачыненне да знішчэння этнічных беларусаў. І гэта пазіцыя не толькі наша, гэта пазіцыя ўсіх цывілізаваных людзей, у тым ліку Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы”, — сказаў Гайдукевіч.

„Асабліва крыўдна, што гэта адбываецца ў год 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — дадаў ён. — Асабліва крыўдна, што гэта адбываецца чацвёрты год, нягледзячы на тое што мы неаднаразова звярталі на гэта ўвагу. З іншага боку, я хачу выказаць велізарную падзяку тым польскім нашым сябрам, якіх большасць, польскім грамадзянам, палітыкам, грамадскім дзеячам, якія ўжо выступілі супраць гэтага маршу. Учора нават звярнуліся ў пракуратуру Польшчы. За гэта ім дзякуй”.

Гайдукевіч падкрэсліў, што для „дэмакратычнай краіны непрымальны дазвол падобных маршаў, і асабліва для краіны, якая сама вельмі моцна пацярпела ад фашызму”.

„Мы гэта кажам таму, што якраз у апошнія гады мы значна ўмацавалі нашы ўзаемаадносіны з польскімі калегамі, у тым ліку з польскім сеймам, па розных пытаннях — эканамічных, палітычных і гэтак далей. Наш дыялог ідзе цяпер значна лепш, — адзначыў дэпутат. — Таму ў такія моманты мы проста абавязаныя гаварыць. Беларусь заўсёды будзе той краінай, якая заўсёды будзе шанаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, заўсёды будзе называць рэчы сваімі імёнамі. У нашай краіне ніколі калабаранты, фашысты, нацысты не будуць героямі”.

У 2011 годзе сейм Польшчы прыняў закон, згодна з якім 1 сакавіка адзначаецца Нацыянальны дзень памяці „праклятых салдат” — удзельнікаў антыкамуністычнага падполля, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны працягнулі барацьбу за незалежнасць Польшчы. Да іх адносяцца члены Арміі Краёвай, Нацыянальных узброеных сіл, падпольнай арганізацыі „Свабода і незалежнасць”, а таксама ўдзельнікі дробных падпольных атрадаў і груп.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы ў 2005 годзе прыйшоў да высновы, што дзеянні кіраўніка аднаго з падпольных атрадаў Рамуальда Райса, вядомага пад псеўданімам Буры, — гэта злачынства з прыкметамі генацыду. Згодна са звесткамі інстытута, у студзені—лютым 1946 года атрад Райса спаліў пяць вёсак ва ўсходняй Польшчы і забіў 79 мірных жыхароў з-за іх беларускага паходжання і праваслаўнага веравызнання.

Афіцыйны Менск лічыць недапушчальным увекавечанне памяці Райса і яго салдат. МЗС Беларусі неаднаразова заяўляла, што правядзенне маршу ў Гайнаўцы, дзе кампактна пражываюць этнічныя беларусы, з’яўляецца „правакацыяй, скіраванай на стварэнне напружанасці, канфліктаў на нацыянальнай, рэлігійнай і гістарычнай глебе паміж беларусамі і палякамі”.

belapan.by