У палку Каліноўскага з’явіўся новы атрад
374 дзень вайны. Палкавое падраздзяленне імя Мікіты Крыўцова ў ходзе штурмавой аперацыі ўзяло палонных, у чарговы раз папоўніўшы абменны фонд Украіны. Пра гэта Полк Каліноўскага паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
На відэа, якое апублікавалі беларускія добраахвотнікі, адзін з палонных распавядае пра жорсткасць свайго кіраўніцтва, голад як від пакарання і ўпершыню з моманту палону размаўляе з бацькам. Ён дадаў, што за правіны кіраўніцтва садзіць мабілізаваных расейцаў у канавы і не даюць ежы. На пачатку лютага 2023 года ва Украіне пачалося фармаванне атраду «АТАМ» з прадстаўнікоў ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў ByPol. Яны ўваходзяць у склад батальёна «Літвін» Палка Каліноўскага, паведамляе прэс-служба палка.
У палку паведамляюць, што рэкруты новага атраду «АТАМ» ужо прайшлі абавязковую вайсковую падрыхтоўку і ўжо хутка будуць прымаць удзел у ваенных аперацыях.
Тым часам, вайскоўцы 126-й брыгады берагавой абароны Чарнаморскага флота Расеі даслалі выданню «7х7» шэсць рапартаў аб звальненні таварышаў па службе. Усяго заяў, як сцвярджаецца, каля 20. Байцы просяць камандаванне звольніць іх у сувязі з невыкананнем умоў кантракту і спаслаліся на пункт закона «Аб вайсковай службе». 126-я брыгада — з Крыма, цяпер яна знаходзіцца на расейскім апорным пункце ва Украіне. Як сцвярджае суразмоўца «7х7», салдатам забаранілі хадзіць у адпачынак.
Беларускае Радыё Рацыя