У панядзелак будуць пашыраны санкцыі Еўразвяза супраць Беларусі
Міністры замежных спраў краін Еўразвязу у панядзелак пашыраць санкцыі супраць Беларусі. Штрафныя меры будуць распаўсюджаныя на авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як мяркуецца, датычныя да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЕЗ, паведаміў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і бяспецы Жазеп Барэль, піша Deutsche Welle.

«Мы дамо зялёнае святло пашырэнню прававой базы для нашых санкцый супраць Беларусі, з тым каб штрафныя меры маглі быць ужытыя да любога, хто ўдзельнічае ў перавозцы мігрантаў у гэтую краіну», — сказаў Барэль у інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку Le Journal du Dimanche.
Па словах кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, пад санкцыі – візавыя забароны і замарожванне маёмасці – могуць падпасці кіраўнікі авіякампаній і турыстычных агенцтваў. Пад санкцыямі могуць апынуцца і каля 30 беларускіх чыноўнікаў, меркавана датычных да крытычнай сітуацыі з мігрантамі на мяжы, дадаў Барэль.
