У парадзе 3 ліпеня ў Менску прымуць удзел вайскоўцы Расеі і Кітая
Амаль 4 тыс. ваеннаслужачых прымуць удзел у парадзе войскаў 3 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
„У складзе 19 пешых парадных разлікаў і 23 парадных разлікаў ваеннай тэхнікі прымуць удзел амаль 4 тыс. ваеннаслужачых і больш за 250 адзінак баявой тэхнікі. Генеральныя рэпетыцыі пройдуць 23 і 28 чэрвеня з 23.00 на скрыжаванні пр. Пераможцаў і пр. Машэрава ў Менску”, – адзначылі ў ваенным ведамстве.
Упершыню ў парадным страі пройдуць жанчыны-ваеннаслужачыя злучэнняў і воінскіх часцей беларускай арміі і зводны разлік кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і кадэцкіх карпусоў. Традыцыйна ў парадзе прымуць удзел ваеннаслужачыя УС Расеі. Акрамя таго, упершыню ў ваенным парадзе войскаў Менскага гарнізона плануецца ўдзел параднага разліку ваеннаслужачых Народна-вызваленчай арміі Кітая.
