У парламенце няма месца грамадству
Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч паведаміў, што шырокага абмеркавання зменаў у закон „Аб масавых мерапрыемствах” не атрымаецца – у іх рамонт.
Праваабаронца Наста Лойка атрымала адказ з парламента на электронны зварот, у якім каманда валанцёраў ПЦ “Вясна” прасіла дапусціць да ўдзелу ў абмеркаванні змен у Закон «Аб масавых мерапрыемствах» прадстаўнікоў грамадскасці.
У першую чаргу гаворка ішла пра прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый – ПЦ “Вясна”, “Беларускага Хельсінкскага камітэта», БАЖ і іншых.
У сваім адказе спадар Навумовіч заўважыў, што «камісія ў ініцыятыўным парадку запрасіла для ўдзелу ў пашыраным пасяджэнні працоўнай групы па дапрацоўцы праекта Закона 6 сакавіка 2018 года прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацый, у тым ліку “Беларускі Хельсінскі камітэт”, “ Беларускую асацыяцыю журналістаў”, “ Цэнтр прававой інфармацыі”, а таксама праваабаронцу В.Стэфановіча».
На думку старшыні парламенцкай камісіі, гэтага аказалася больш, чым дастаткова. Запрашаць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці на абмеркаванне змен у заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах зноў ён адмовіўся – у дэпутатаў рамонт:
„У сувязі з закрыццём ў канцы красавіка 2018 года на капітальны рамонт Авальнай залы Дома Урада паседжанні Палаты прадстаўнікоў будуць праходзіць у зале паседжанняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З улікам гэтага будзе адсутнічаць тэхнічная магчымасць для размяшчэння заяўленых вамі асоб пры разглядзе праекта Закона”.
Адна з ініцыятараў звароту Наста Лойка лічыць, што Палаце прадстаўнікоў варта быць больш публічнай.
„Парламент любіць прымаць рашэнні за зачыненымі дзвярыма, і шкада. Я радая, што праваабаронцаў запрасілі на паседжанне працоўнай групы, але такія важныя законы трэба разглядаць больш публічна”, – сказала праваабаронца.
Паводле spring96.org