У Парыжы праходзіць саміт “нармандскай чацвёркі”



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі завяршыў сустрэчу з канцлерам Германіі Ангелай Меркель. Пра гэта паінфармавала прэс-служба кіраўніка Украіны ў Facebook.

Цяпер лідары праводзяць перамовы ў нармандскім фармаце. Таксама сёння запланавана двухбаковая сустрэча Зяленскага з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. „Пазней адбудзецца прэс-канферэнцыя па выніках перамоў”, – распавялі ў прэс-службе.

Фото: ЕРА

* * * 

Дэлегацыі Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны абмяркоўваюць спыненне агню на Данбасе, абмен палоннымі, кантроль над мяжой і правядзенне мясцовых выбараў.

На перамовах Кіеў будзе патрабаваць ад Расеі канчатковага абмену зняволенымі ў фармаце “усіх на ўсіх”, у тым ліку — украінцаў, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Данбаса, непадкантрольнай Украіне.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што будзе патрабаваць абсалютнага спынення агню на Данбасе і кантролю над усёй мяжой паміж Украінай і Расеяй. Зараз Кіеў не кантралюе каля 400 кіламетраў мяжы на ўсходзе краіны.

Для Пуціна і Зяленскага гэта будзе першая асабістая сустрэча. Раней прэзідэнты чатыры разы размаўлялі па тэлефоне – у ліпені, жніўні, верасні і лістападзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа