У Парыжы заявілі, што пакуль Лукашэнка працягвае рэпрэсіі, дыялогу не будзе



У Нацыянальным сходзе Францыі прайшлі слуханні па сітуацыі ў Беларусі. На іх выступіў міністр замежных спраў Жан-Іў Ле Дрыян.

Жан-Іў Ле Дрыян Фота: s.rfi.fr

Ён гаварыў пра тое, што Францыя патрабуе вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў (а іх лічба — амаль 1000 — уразіла прысутных), у тым ліку і журналістаў. Міністр падкрэсліў, што „пакуль [у Беларусі] працягваюцца рэпрэсіі і ідзе задушэнне грамадзянскай супольнасці, ніякага дыялогу з Лукашэнкам не можа быць”.

Жан-Іў Ле Дрыян нагадаў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі не прызнаецца легітымным. Парыж, як і ўвесь Еўразвяз, выступае за правядзенне ў Беларусі „свабодных і празрыстых выбараў пад эгідай АБСЕ”.

Як вядома, Лукашэнка пра гэта і слухаць не хоча, займаецца падрыхтоўкай „канстытуцыйнага рэферэндума”. У Францыі ж мяркуюць, што гэтае мерапрыемства будзе нагадваць прэзідэнцкія выбары 2020-га года.

Беларускае Радыё Рацыя