У ПАСЕ падрыхтуюць яшчэ адзін даклад па сітуацыі ў Беларусі



У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) падрыхтуюць яшчэ адзін даклад па сітуацыі ў Беларусі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Рады Еўропы.

Бюро ПАСЕ ўпаўнаважыла дэпутата Кіма Кільюнена (Фінляндыя) здзейсніць азнаямленчы візіт у Беларусь да канца 2021 года ў межах падрыхтоўкі яго дакладу „Аб закліку да інклюзіўнага нацыянальнага палітычнага працэсу ў Беларусі”.

„Аднак на гэты момант ні візіт, ні відэаканферэнцыя не прадбачацца ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў”, — удакладнілі ў прэс-службе.

Як паведамлялася, на веснавой сесіі ПАСЕ, якая пройдзе 19—22 красавіка ў Страсбургу, будуць абмяркоўвацца два даклады па Беларусі і падрыхтаваныя на іх аснове рэзалюцыі — „Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання” (аўтар французскі дэпутат Аляксандра Луі) і „Тэрміновая неабходнасць выбарчай рэформы ў Беларусі „(аўтар брытанскі дэпутат лорд Дэвід Бленкатра).