У ПАСЕ прайшлі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі



У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 21 красавіка прайшлі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі. Трансляцыя пасяджэння вялася на сайце ПАСЕ.

Увазе дэпутатаў ПАСЕ былі прадстаўлены два даклады — „Тэрміновая неабходнасць правядзення рэформы выбарчай сістэмы ў Беларусі” (падрыхтаваў брытанскі дэпутат лорд Дэвід Бленкатра) і „Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання” (французскі дэпутат Аляксандра Луі).

У пачатку пасяджэння па чарзе выступілі дакладчыкі з асноўнымі тэзісамі.

„Для нас не было здзіўленнем, што ў мінулым жніўні па выніках выбараў, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, беларусы масава выйшлі на вуліцы, каб пратэставаць”, — заявіў Бленкатра.

Ён адзначыў, што пры падрыхтоўцы даклада спрабаваў выйсці на кантакт з  уладамі Беларусі. „Але мая прапанова аб узаемадзеянні была праігнараваная”, — сказаў дакладчык.

Ён падкрэсліў, што ПАСЕ не ўдзельнічала ў назіранні за апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, бо не атрымала адпаведнага запрашэння ад беларускага боку, але назірала за выбарамі ў краіне апошнія 20 гадоў і крытычна іх ацэньвала.

Бленкатра заявіў, што дзейнае выбарчае заканадаўства ў Беларусі не выклікае даверу і мае патрэбу ў рэфармаванні. „Выбарчая сістэма павінна стаць празрыстай, падсправаздачнай і вартай даверу, — сказаў ён. — У нашу задачу не ўваходзіць ніякі дыктат і натацыі ў дачыненні да Беларусі, але з улікам нашага досведу мы гатовыя аказаць садзейнічанне ў рэформе выбарчай сістэмы, калі такая просьба паступіць”.

Бленкатра паведаміў, што ў дакладзе і падрыхтаванай на яго аснове рэзалюцыі ўтрымліваюцца рэкамендацыі па рэформе выбарчага заканадаўства. „Выбарчая рэформа запатрабуе часу. Але той факт, што гэтая рэформа неабходная, не павінен выкарыстоўвацца ўладамі для пераносу выбараў на няпэўны тэрмін, — лічыць дакладчык. — Пры правядзенні выбараў павінны будуць выконвацца пэўныя ўмовы, каб выбары былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі”.

Прадстаўляючы свой даклад, Аляксандра Луі адзначыла: „Мы з вялікай сімпатыяй і ўвагай сачылі за мірным пратэстам беларускага народа пасля сфальсіфікаваных выбараў. У пратэстным руху жанчыны адыгралі ключавую ролю на чале з лідарам Святланай Ціханоўскай. Мы з жахам даведаліся аб катаваннях і гвалце ў дачыненні да мірных дэманстрантаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Усё гэта адбывалася пры поўнай іх беспакаранасці”.

Луі падкрэсліла, што барацьба з беспакаранасцю — гэта прынцыповае пытанне ўніверсальнага правасуддзя. „Мы павінны паслаць выразны сігнал тым, хто парушае правы чалавека, што яны будуць адказваць за свае злачынствы”, — заявіла яна.

Дакладчык адзначыла, што для ПАСЕ прыярытэтамі з’яўляюцца вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі і прыцягненне да адказнасці вінаватых у катаваннях і жорсткім абыходжанні.

Луі заклікала дэпутатаў ПАСЕ падтрымаць працу Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (Accountability International Platform for Belarus), што ўжо зрабіў, напрыклад, Еўрапейскі парламент. На яе думку, праца платформы дапаможа прыцягненню вінаватых да адказнасці. Таксама сабранымі на платформе дадзенымі зможа скарыстацца ЕС пры ўвядзенні адрасных санкцый.

Пасля прадстаўлення дакладаў змаглі выступіць дэпутаты ПАСЕ. Усе выступоўцы падтрымалі даклады і асудзілі рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да грамадзян.

Напрыклад, Інгрыд Шу (Нарвегія) адзначыла, што пасля выбараў ўлады „пачалі беспрэцэдэнтную хвалю гвалту супраць палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў, звычайных грамадзян”. „Гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў недапушчальны, але вінаватыя да гэтага часу не прыцягнуты да адказнасці”, — сказала яна. Шу таксама дадала, што цяперашняя выбарчая сістэма ў Беларусі не выклікае даверу і мае патрэбу ў рэформе.

Фрэдэрык Пеці (Францыя) падкрэсліў, што „ўжо 256 дзён беларусы змагаюцца за правядзенне новых свабодных выбараў, за сваю нацыю і ідэнтычнасць”. „Але перш за ўсё яны змагаюцца за ісціну, выйшаўшы на вуліцу супраць фальсіфікацый і гвалту”, — заявіў ён.

Польскі дэпутат Аркадыуш Мулярчык у сваім выступленні падрабязна распавёў пра пераслед польскай меншасці ў Беларусі, уключаючы затрыманне кіраўніка нефармальнага Саюза палякаў Анжалікі Борыс.

Дэпутат Джордж Фолкс (Вялікабрытанія) заклікаў калег узяць пад апеку канкрэтных палітвязняў і пісаць ім лісты. „Напрыклад, я пішу палітвязню Сцяпану Латыпаву. Мае пасланні падтрымліваюць яго”, — сказаў Фолкс.

Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка заявіў: „Дыктатар Лукашэнка ўзурпаваў уладу. Дзясяткі тысяч затрыманых, сотні палітвязняў. Беларусь як канцлагер у цэнтры Еўропы”.

Ён нагадаў аб журналістцы „Белсата” Кацярыне Андрэевай і аб тым, што яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі за тое, што яна асвятляла ў прамым эфіры акцыю пратэсту ў Менску.

„Мы павінны заклікаць урады ўсіх краін абумовіць любое супрацоўніцтва з уладамі Беларусі спыненнем рэпрэсій і вызваленнем усіх затрыманых, — сказаў Ганчарэнка. — Я таксама нагадаю, што краіна называецца не „Белоруссия”, а Беларусь”.

Літоўская дэпутатка Лайма Андрыекене нагадала, што ўлады Беларусі ўнеслі дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму. „Абвінавачванне яе ў тэрарызме — гэта яшчэ адна спроба ўладаў заглушыць галасы пратэсту ў Беларусі”, — падкрэсліла яна.

Па выніках абмеркавання сітуацыі ў Беларусі ў ПАСЕ павінны прагаласаваць за дзве рэзалюцыі, падрыхтаваныя на аснове прадстаўленых дакладаў.

belapan.by