У перамовах з Расеяй засталіся 16 няўзгодненых пытанняў
У перамовах Беларусі і Расеі па дарожных картах паглыбленай інтэграцыі засталіся 16 няўзгодненых пытанняў, паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Сяргей Румас 6 снежня ў Менску перад пачаткам першай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.
«На сёння па ўсіх дарожных картах засталіся 16 няўзгодненых пытанняў, – сказаў ён. – Я для сябе бачу задачу мінімум – гэта, каб мы ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў тры-чатыры пытанні, па якіх мы не дамовіліся, а задача максімум – дамовіцца па ўсіх пытаннях. Але ўлічваючы, што гэтыя пытанні вельмі важныя, кіраўнікі дзяржаў усё роўна будуць у іх паглыбляцца, але было б правільна, калі б урады ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў узгодненыя пытанні. Канчатковае рашэнне па іх ужо прымуць прэзідэнты».
Паводле яго слоў, пытанні па цане на расейскі газ для Беларусі на 2020 год і па перамытнёўцы нафты «ўваходзяць у кола 16 пытанняў».
Пры гэтым пытанне аб кампенсацыі за «брудную» нафту абмяркоўваецца асобна. «Брудная нафта вынесеная за дужкі дарожных карт, па ёй праца працягваецца па асобным трэку, – сказаў Румас. – У нас ёсць разлікі сумы кампенсацый. Мне б не хацелася іх называць, каб не ўскладняць перамовы нашым перамоўшчыкам. Мы спадзяемся, што ўсё ж такі ў бліжэйшы час нейкая яснасць у гэтым пытанні зʼявіцца. Да канца года ці не – тут мне цяжка сказаць».
Гаворачы пра цану на газ для Беларусі, Румас падкрэсліў: «Наша пазіцыя – гэта цана найбліжэйшага ад нас рэгіёна Расейскай Федэрацыі Смаленскай вобласці плюс выдаткі на транспарціроўку. Мы лічым, што роўныя ўмовы для субʼектаў гаспадарання, а ў гэтым мэта інтэграцыі, павінны ўключаць і роўныя цэны на энерганосьбіты. Пытанне, з якога года будзе ўжо непасрэдна цана Смаленскай вобласці, – гэта ўжо непасрэдна пытанне перамоваў».
Як паведамлялася, 6 снежня ў Сочы адбудзецца сустрэча прэмʼер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Чакаецца, што яны абмяркуюць ход узгаднення дарожных карт паглыбленай інтэграцыі. Следам за прэмʼерамі 7 снежня плануюць правесці перамовы ў Сочы Пуцін і Лукашэнка. Гэтую інфармацыю пацвердзіў напярэдадні прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў.
Раней планавалася, што дарожныя карты паглыбленай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі (усяго іх 31) будуць прадстаўленыя на разгляд лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна да 1 снежня, каб падпісаць іх праз тыдзень, у 20-ю гадавіну дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы. У лістападзе прэмʼер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў, што дакументы не будуць падпісаныя без уліку беларускіх інтарэсаў. 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў час галасавання на парламенцкіх выбарах выказаў абурэнне стратамі, якія нясе эканоміка краіны з-за новых умоў, якія выстаўляюцца Расеяй. «Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз?» – сказаў афіцыйны лідар.
5 снежня падчас звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што праца над праграмай дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы і пакетам дарожных карт, а таксама дамовамі па адчувальных для абодвух бакоў пытаннях знаходзіцца на завяршальнай стадыі. У той жа час кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што пакуль не вырашаны шэраг прынцыповых пытанняў, у прыватнасці па газе і нафце. «Нават элементарнае пытанне не вырашанае па бруднай нафце. А мы ж правалілі ВУП у асноўным з-за нафтавых праблем», – сказаў афіцыйны лідар.