У Пінску пачаўся ціск на сацыял-дэмакратаў



У Пінску адбыліся ператрусы ў сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Міліцыянты затрымалі каля дзясятка партыйцаў, у іх канфіскавалі ноўтбукі і мабільныя тэлефоны. Фармальнай падставай стала праверка па справе за надпісы “Жыве Беларусь!”, якія з’явіліся на шматпавярховіках 20-га снежня і 7-га студзеня ў адным з мікрараёнаў горада.

Старшыня Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова ўпэўненая, што гэта звязана з надыходзячым праўладным „Усебеларускім народным сходам”:

– Я звязваю гэта з праўладным сходам УНС, мяркую, што гэта спроба накапаць будзь-які кампрамат на лічбавых прыладах. Чарговая спроба запалохаць. Затрымалі амаль усіх сяброў пінскай суполкі, перакананая, што мае сябры не маюць да гэтага дачынення. Мяркую, што будуць яшчэ затрыманні і будзе яшчэ ціск.

Суразмоўца дадае, што Пінская гарадская арганізацыя сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” аднавіла сваю дзейнасць у снежні мінулага года, што вельмі неспадабалася мясцовым уладам. Таму верагодна, што праз рэпрэсіі, ўлады спрабуюць згарнуць дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск