У плане Пуціна ёсць аблога ўкраінскіх гарадоў і скліканне „Народнай Рады”
Нямецкі таблоід Bild публікуе „план захопу Украіны”, які нібыта абмяркоўваецца ў кіруючых колах Расеі. Выданне сцвярджае, што дакумент трапіў у распараджэнне адной са спецслужбаў. Якой менавіта — не называецца.
Напад на Украіну, згодна з гэтым планам, чакаецца ў лютым ці ў сакавіку. План захопу складаецца з трох этапаў:
– разгром украінскай арміі і аблога буйных гарадоў да іх капітуляцыі;
– скліканне „Народнай Рады”, у якую ўвойдуць палітычныя сілы, што сімпатызуюць Расеі. Менавіта яна павінна абраць новы ўрад Украіны;
– надзвычайнае становішча, абвешчанае новымі ўладамі. Актыўныя праціўнікі прарасейскага рэжыму будуць адпраўленыя ў спецыяльныя лагеры. Пратэсты будуць душыцца па беларускім прыкладзе 2020-2021 гадоў.
Канчатковай мэтай расейскай аперацыі, паводле версіі, апублікаванай Bild, з’яўляецца стварэнне „Саюзнай дзяржавы” Расеі, Беларусі і Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя