У Польшчы адкрылі доступ да знойдзеных дакументаў пра Валэнсу
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы адкрыў доступ для журналістаў і гісторыкаў да часткі знойдзеных нядаўна дакументаў (750 старонак), якія могуць сведчыць пра тое, што ў 1970-1976 гадах Лех Валэнса быў агентам спецслужбаў ПНР.
Сярод дакументаў — падпісаная Лехам Валэнсам згода на супрацоўніцтва са спецслужбамі і ўласнаручныя распіскі, якія пацвярджаюць выплату яму грошай (каля 1500 злотых у месяц — у той час прыкладна сярэдні заробак у ПНР).
Тэкст згоды на супрацоўніцтва:
«Я, ніжэйпадпісаны Валэнса Лех, сын Баляслава і Фэліксы, народжаны ў 1943 годзе ў Папове, абавязваюся захоўваць у строгай таямніцы ўтрыманне праведзеных са мной гутарак з супрацоўнікамі службы бяспекі. Адначасова абавязваюся супрацоўнічаць са службай бяспекі ў тым, што тычыцца знаходжання ворагаў ПНР і барацьбы зь імі. Інфармацыю буду перадаваць у пісьмовай форме, і яна будзе праўдзівай. Факт супрацоўніцтва са службай бясьпекі абавязуюся захаваць у строгай таямніцы і не адкрываць яго нават перад сям’ёй. Інфармацыю, якую перадаю, буду падпісваць псэўданімам „Болек“. Лех Валэнса, Болек».
«Я найперш чакаю ацэнкі гісторыкаў і экспертаў. Мы павінны ведаць праўду: палякі маюць на гэта права. Важна вырашыць любыя сумневы, а гэта павінны зрабіць гісторыкі і эксперты»,— заявіла прэм’ер-міністр Польшчы Беата Шыдла.
Стаў вядомы таксама змест запіскі нябожчыка генерала Чэслава Кішчака, у доме якога былі знойдзеныя дакументы, — у ёй гаворыцца, што «матэрыялы могуць быць апублікаваныя праз 5 гадоў пасля смерці Леха Валэнсы».
Між тым былы прэзідэнт Польшчы, а ў мінулым актывіст апазіцыі Браніслаў Камароўскі, заявіў: «Спадар прэзідэнт, вы не адзін — мы будзем абараняць добрае імя Леха Валэнсы, паколькі гэта абарона добрага імя Польшчы».
Характэрна, што прадстаўленыя Інстытутам нацыянальнай памяці дакументы яшчэ не прайшлі графалагічнай экспертызы, іх сапраўднасць пацвердзіў архіварыус інстытуту.