У Польшчы адзначаюць 75-ю гадавіну вызвалення вязняў Аўшвіц



27-га студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. 

У Польшчы праходзяць памятныя мерапрыемствы з нагоды 75-й гадавіны вызвалення вязняў нямецкага нацысцкага канцлагера Аўшвіц. Мерапрыемтвы ў якіх прымаюць удзел каля трох тысяч чалавек адбываюцца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу, дзе ў гады вайны размяшчаўся нямецкі канцлагер. Сюды прыехалі прадстаўнікі 54 краін, у тым ліку некалькі прэзідэнтаў, манархаў ды прэм’ер-міністраў, а таксама каля 200 ацалелых вязняў лагера.

Ганаровым патронам мерапрыемства з’яўляецца прэзідэнт Польшчы. Урачыстасці пачаліся з ускладання кветак ацалелымі вязнямі канцлагера і прэзідэнтам Польшчы.

Памінальныя мерапрыемствы адбываюцца на фоне спрэчкі Масквы і Варшавы пра прычыны Другой сусветнай вайны. Украінскі лідар Уладзімір Зяленскі прыехаў ў Польшчу, а Уладзімір Пуцін – не. Расейскага прэзідэнта не запрасілі, хаця менавіта савецкія войскі вызвалілі вязняў.

17 верасня 1939 года СССР напаў на Польшчу разам з гітлераўскай Нямеччынай, а пасля Другой сусветнай вайны фактычна акупаваў. Таму лідар кіруючай у Польшчы партыі „Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі на днях у інтэрв’ю нямецкім СМІ заявіў, што выплаціць Польшчы кампенсацыю за шкоду ад Другой сусветнай вайны павінны і Нямеччыны, і Расея.

Да гэтага Уладзімір Пуцін абвінаваціў Польшчу ў змове з Гітлерам і рэзка выказаўся пра польскага амбасадара ў нацысцкай Нямеччыне. Польскія ўлады, а таксама габрэйскія арганізацыі словы Пуціна раскрытыкавалі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота polsatnews.pl, rmf24.pl