У Польшчы адзначаюць 9-ю гадавіну Смаленскай авіякатастрофы



Польскі ўрадавы самалёт разбіўся 10 красавіка 2010 года. Загінула 96 пасажыраў, у тым ліку прэзідэнт Лех Качыньскі з жонкай Марыяй.

Прадстаўнікі дзяржаўнай улады сёння ўсклалі вянкі да помніка Качыньскаму перад будынкам Варшаўскага гарнізона і да помніка ахвярам авіякатастрофы на плошчы маршала Юзэфа Пілсудскага.

Раней ля Прэзідэнцкага палаца былі зачытаныя прозвішчы ўсіх ахвяраў авіякатастрофы. Былі ўскладзеныя кветкі перад партрэтам прэзідэнцкай пары. У цырымоніі прынялі ўдзел, у прыватнасці, спікеры Сейма і Сената, кіраўнік урада, міністры і старшыня кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі – брат занігулага прэзідэнта.

Перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве зараз дэманструюцца фільмы, прысвечаныя Смаленскай катастрофе. Увечары ў касцёле св. Яна будзе адслужаная імша, пасля якой да Прэзідэнцкага палаца пройдзе Шэсце памяці. Там запланаваныя выступленні прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і Яраслава Качыньскага.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wiadomosci.gazeta.pl