Анджэй Дуда перамог на выбарах прэзідэнта Польшчы (абноўлена)



Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы (PKW) абвесціла вынікі выбараў прэзідэнта Польшчы. Перамог Анджэй Дуда, які набраў 51,21% галасоў. Рафала Тшаскоўскага падтрымала 48,79% выбарцаў. Яўка выбарцаў склала 68,12%.

фота www.polityka.pl

***

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы пакуль перамагае дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда. Паводле падліку амаль 100% выбарчых бюлетэняў, яго падтрымала звыш 51,08% (10 433 426) выбарцаў. За яго суперніка, кандыдата ад Грамадзянскай кааліцыі – Рафала Тшаскоўскага прагаласавалі амаль 48,92% (9 992 764) выбарцаў, паводле wybory.gov.pl.

Паводле дадзеных Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі, пасля падліку галасоў са 100 адсоткаў выбарчых участкаў Падляшскага Ваяводства тут таксама перамог дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда. Яго на нядзельным галасаванні падтрымалі звыш шэсцьдзесят адсоткаў выбарцаў.

Рафал Тшаскоўскі атрымаў амаль сорак адсоткаў галасоў падляшскіх выбарцаў. Найбольшую колькасць галасоў Анджэй Дуда атрымаў у заходніх паветах Падляшскага Ваяводства. У Высокамазавецкім павеце дзейны прэзідэнт атрымаў амаль 81 з паловай адсотка, яго супернік Рафал Тшаскоўскі – звыш 19 %.

***

Паводле апошніх неафіцыйных звестак Анджэй Дуда набірае 51% галасоў, а Рафал Тшаскоўскі49%. Афіцыйныя вынікі выбараў могуць быць абвешчаны ўжо сёння.

Паводле папярэдніх звестак Анджэй Дуда перамог у 7 ваяводствах: Любельскім (64,4%), Лодзкім (57,1%), Малапольскім (57,2%), Мазавецкім (51%), Падкарпацкім (72,6%), Падляшскім (60%) і Свентакшыскім (63,4%).

А Рафал Тшаскоўскі набраў больш галасоў у 9 ваяводствах: Дольнашлёнскім (58,6%), Куяўска-Паморскім (53,9%), Любускім (63,1%), Апольскім (55,6%), Паморскім (66,4%), Шлёнскім (52,3%), Варміньска-Мазурскім (53,1%), Велькапольскім (55,3%) і Заходнепаморскім (63,1%).

***

У Польшчы скончылася галасаванне ў другім туры галасавання на выбарах прэзідэнта краіны. Паводле вынікаў экзіт-полаў, якія правёў Ipsos, Анджэй Дуда набірае 50,4% галасоў, а Рафал Тшаскоўскі49,6%. Але пакуль рана казаць пра пераможцу выбараў.

Агульная яўка паводле даных экзіт-полаў склала 68,9%. Гэта больш чым у першым туры – тады было 64,51%.

Афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы хутчэй усяго будуць абвешчаны толькі ў аўторак. Розніца паміж кандыдатамі можа вымярацца зусім невялікай розніцай – нават каля 100 тысяч галасоў.

***

Паводле афіцыйных дадзеных Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі на 17-ю гадзіну прагаласавала 52,1% выбарцаў ад агульнай колькасці тых, хто мае права галасаваць. Яўка вышэйшая на гэтую гадзіну, чым у першым туры галасавання – тады было 47,89%.

На 17-ю гадзіну найвышэйшая яўка была ў наступных ваяводствах: Мазавецкім – 55,55%, Малапольскім – 54,58%, Лодзскім – 52,96%. Найніжэйшая – у Апольскім – 46,2%, Варміньска-Мазурскім – 48,65% і Любускім – 49,91%.

Што датычыць вялікіх гарадоў, то найбольшая яўка на 17-ю гадзіну зафіксавана ў Варшаве – 57,69%, Зялёнай Гуры – 57,24%, Пазнані – 55,80. Найменш у вялікіх гарадах на азначаны час галасавалі ў Гданьску – 50,98%, Катавіцах – 51,71% і Гужаве Велькапольскім – 51,91%.

***

Амаль 25 працэнтаў да поўдня – выбарчая яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.

Амаль 25 працэнтаў выбарцаў да 12 гадзіны прагаласавалі ў 2 туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. Пра гэта паведаміў старшыня дзяржаўнай выбарчай камісіі Сыльвестар Марціняк. Два тыдні таму ў першым туры выбараў да поўдня прагаласавалі амаль на 1 працэнт меней, гэта каля100 тысяч выбарцаў.

Падляшша апынулася на трэцім месцы ў Польшчы, калі ідзе размова пра выбарчую яўку да 12 гадзіны. Сёння прагаласавалі амаль 26,4 працэнта выбарцаў.

На Падляшшы звыш 914 тысяч чалавек можа прыняць удзел у другім туры прэзідэнцкіх выбараў. За прэзідэнцкае крэсла змагаюцца дзейны прэзідэнт і кандыдат ад аб’яднаных правых сілаў Анджэй Дуда і дзейны прэзідэнт Варшавы і кандыдат ад грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі.

У першым туры цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда набраў 43,5% галасоў. За Тшаскоўскага тады прагаласавалі 30,46% выбарцаў.

***

У Польшчы пачаўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў. За найвышэйшую пасаду ў краіне змагаюцца дзейны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, і прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

Паводле дадзеных Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі, колькасць выбарцаў складае амаль трыццаць мільёнаў, у тым ліку амаль 520 тысяч за мяжой. Участкі для галасавання будуць адкрытыя з 7:00 да 21:00. Падчас галасавання будуць ужывацца спецыяльныя санітарныя правілы. Прыярытэт таксама ўнесены ў галасаванне для асоб старэйшых за 60 гадоў, інвалідаў, з дзецьмі да 3 гадоў і цяжарных жанчын.

На выбарчым участку не можа быць больш за аднаго чалавека на чатырох квадратных метрах, за выключэннем сябраў участковай выбарчай камісіі; выбарнік павінен прыкрыць рот і нос і прадэзынфікаваць рукі.

Каб аддаць сапраўдны голас, трэба пазначыць крыжык у полі бюлетэня злева ад імя абранага кандыдата. Галасаванне лічыцца несапраўдным, калі выбарнік не ставіць крыжыка ні ў адной клетцы, альбо галасуе больш чым за аднаго кандыдата.

***

12 ліпеня ў Польшчы праходзіць другі тур галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Ад 7-й да 21-й гадзіны будзе адчынена больш 27 тысяч выбарчых участкаў. Права галасаваць маюць больш 30 мільёнаў выбарцаў.

У выбарчых бюлетэнях два прозвішчы. У другі тур выйшлі Анджэй Дуда і Рафал Тшаскоўскі.

Прэзідэнт у Польшчы абіраецца на 5 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dw.com