У Польшчы хочуць увесці пакаранне за „прапаганду бандэрызму”
Законапраект прадугледжвае забарону сімволікі АУН-УПА нароўні з сімволікай камунізму і нацызму.
Польская сялянская партыя, якая з’яўляецца парламенцкай апазіцыйнай партыяй, выступіла з ініцыятывай увесці пакаранне за прапагандаванне бандэрызму. Такая прапанова знаходзіцца ў праекце закону аб устанаўленні 11 ліпеня Днём памяці аб паляках, ахвярах генацыду з рук украінскіх нацыяналістаў з АУН-УПА.
Польская сялянская партыя прапануе таксама ўнесці праўкі ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, дзе б гаварылася пра пераслед не толькі нацыстаў і камуністаў, адказных за злачынствы, але і ўкраінскіх нацыяналістаў, у якіх на руках кроў людзей. Акрамя таго, праект прадбачыць забарону сімволікі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Украінскай паўстанцкай арміі нараўне з сімволікай камунізму і нацызму.
Пакуль невядома, якія парламенцкія партыі, акрамя Польскай сялянскай, падтрымаюць законапраект падчас галасавання й ці ўвогуле ён трапіць на разгляд Сейму.
Нагадаем, падчас вайны ў 1939-1945 гадах украінскія нацыяналісты здзейснілі масавыя забойствы польскага насельніцтва на Валыні й іншых рэгіёнах заходняй Украіны, якія да вайны ўваходзілі ў склад Польшчы. Паводле гісторыкаў, загінула 50-60 тыс. палякаў, хоць некаторыя крыніцы называюць лічбу ў 130-150 тыс. чалавек. У польскае падполле забіла 3-5 тыс. украінцаў.
Ініцыятыву аграрыяў падтрымалі некаторыя польскія ветэранскія арганізацыі.