У Польшчы пачаліся амерыканска-польскія манеўры



30 студзеня на палігоне ў Жагані, горадзе на захадзе Польшчы ў Любушскім ваяводстве, пачаліся сумесныя манеўры польскіх жаўнераў разам з амерыканскімі, якія прыехалі ў Польшчу ў межах умацавання ўсходняга флангу NATO. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця сумесных манеўраў польскіх параздзяленняў і амерыканскай танкавай брыгады.

Прэзідэнт Анджэй Дуда на палігоне ў Жагані павітаў саюзнікаў: «Гэта вельмі важны дзень, гістарычны момант. З вялікай радасцю сардэчна запрашаем нашых амерыканскіх саюзнікаў. Я прыбыў сюды, да Жаганя, з радасцю, каб вітаць нашых гасцей і саюзнікаў, камандзіраў і жаўнераў арміі Злучаных Штатаў».

Ён заўважыў, што: «Не так даўно, каля 30 гадоў таму, тут, у Жагані знаходзіліся параздзяленні арміі, якую нам загадалі тады лічыць за саюзніцкую, якую ў Польшчу мы не запрашалі, асабліва не запрашалі, каб яна тут засталася, і мы адчувалі сябе зняволенымі. Сёння прыехалі нашы саюзнікі, якія з’яўляюцца сімвалам свабоды і парадку ў свеце, і, перш за ўсё, бяспекі, саюзнікі, якіх мы запрашалі, і якіх мы чакалі. Як прадстаўнікі народа, як прадстаўнікі палякаў, вялікай ваеннай традыцыі польскай зброі. З вялікай радасцю сардэчна запрашаем нашых амерыканскіх саюзнікаў, жаўнераў арміі Злучаных Штатаў».

Прэзідэнт падкрэсліў, што супольныя практыкаванні, амерыканская прысутнасць і сардэчны прыём вайскоўцаў ЗША ў Польшчы будуць «умацоўваць трансатлантычныя сувязі, наш саюз са Злучанымі Штатамі».

«Божа, блаславі Польшчу! Божа, блаславі Амерыку! Божа, блаславі амерыканскіх жаўнераў!», – сказаў на завяршэнні сваёй прамовы Анджэй Дуда.

У сваю чаргу кіраўнік Міністэрства Нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч сказаў, што калі ён глядзеў на польскія і амерыканскія сцягі, думаў пра «сотні тысяч польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях у 40-я і 50-я гады, абараняючы радзіму ад савецкага нападу, і пра словы, сказаныя прэзідэнтам Лехам Качыньскім, які папярэджваў у 2008 годзе падчас расейскага ўварвання ў Грузію, кажучы: “Сёння Грузія, заўтра Украіна, потым могуць прыйсці ў балтыйскія краіны, а затым пад пагрозай можа стаць Польшча”. Сёння я ведаю, што мы не апынемся пад пагрозай», – падкрэсліў Мацярэвіч. «Сёння я ведаю, што іх крывавая ахвяра, іх барацьба, што смерць прэзідэнта Качыньскага не былі марнымі. Таму што мы сёння разам – амерыканскія войскі і войскі польскія, плячо ў плячо, будучы ўпэўненыя, што супрацьстаім кожнай пагрозе, што няма такога суперніка, які быў бы здольны цягацца з гэтай выдатнай вялікай сілай, якая прыйшла да нас сёння з захаду разам з амерыканскімі сіламі». Таксама кіраўнік МНА дадаў, што амерыканскія вайскоўцы будуць выконваць задачы на ўсходнім флангу NATO «усюды, дзе могуць узнікаць пагрозы». Ён адзначыў, што толькі той знаходзіцца ў бяспецы, хто гатовы да пагрозы. «Мы гатовыя!», – запэўніў Мацярэвіч.

Звяртаючыся да жаўнераў ЗША міністр абароны Польшчы адзначыў, што вітае іх не толькі Прэзідэнт Польшчы, польская армія, польская дзяржава, але ў першую чаргу – палякі, якія ўдзячныя і ўпэўненыя, што дзякуючы войскам ЗША бяспека Польшчы будзе ўпэўненай і пастаяннай.

«Гэта ўдзячнасць і гатоўнасць да ўзаемадзеяння, якая будзе рэалізоўвацца не толькі тут. У той жа час, пакуль вы абараняеце Польшчу, польскія жаўнеры будуць знаходзіцца ў Афганістане, польскія жаўнеры будуць у Іраку, польскія жаўнеры будуць на іншых тэрыторыях, на іншых абшарах, дзе разам з амерыканскімі жаўнерамі трэба абараняць спакой, таксама супраць тэрарыстычнай пагрозы. Разам мы мацней, разам мы павінны абараняць спакой, разам нам ніхто ніколі не будзе пагражаць», – сказаў міністр.

Ён выказаў падзяку амерыканскім жаўнерам за іх прысутнасць, рашучасць і за тое, што яны плячом да пляча з польскімі жаўнерамі, за тое, што яны гатовыя абараняць свабоды, мір і бяспеку палякаў.

Прыехаў паглядзець на пачатак навучання польскіх вайскоўцаў разам з амерыканскімі і амбасадар ЗША у Польшчы Пол Джонс.

«Прыйшоў час, каб зазірнуць у будучыню, каб паглядзець магчымасці, якія дае размяшчэнне брыгады. Узброеныя сілы нашых вялікіх народаў уступаюць на зусім новы ўзровень супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў падрыхтоўцы да абароны агульнымі сіламі кожнай палосцы тэрыторыі альянсу. Нашы войскі будуць яшчэ больш інтэграваныя, іх узаемадзеяння будзе больш, чым калі-небудзь раней. Яны будуць гатовыя да бою, як суцэльная адзінка», – сказаў спадар амбасадар.

Як адзначыў спадар Джонс – амерыканская танкавая брыгада, якая прыехала ў Польшчу, высока навучаная і абсталявана самым сучасным абсталяваннем і адносіцца да найлепшых баявых сіл Амерыкі. Ён запэўніў, што яе размяшчэнне варта трактаваць, як абавязацельства ЗША, як лідару альянсу, што ў выпадку нападу на каго-небудзь з саюзнікаў па блоку, гэта будзе трактавацца, як напад на ўсіх.

«Адначасова мы будзем умацоўваць астатнія ключавыя элементы стрымлівання і абароны, у прыватнасці, процідзеяння дэзінфармацыі, атакам у кіберпрасторы, гібрыднай вайне і схаваным пагрозам. Мы будзем адпужваць і абараняць ад усіх формаў, накіраваных на нас дзеянняў», – дадаў амбасадар ЗША ў Польшчы.

Спадар амбасадар нагадаў, што ў бліжэйшыя два месяцы ў Польшчы яшчэ будуць размешчаны новыя сілы NATO. Так, у красавіку ў Ожыху пачнецца служэнне каля 800 амерыканскіх жаўнераў.

«Далучацца да нас саюзнікі з Вялікабрытаніі, Канады і Германіі, якія накіруюць свае батальёны ў Эстонію, Літву і Латвію. У гэтай аперацыі возьмуць удзел і іншыя дзяржавы. Дзякуючы наяўнасці гэтых адзінак, мы можам мець усё большае пачуццё бяспекі. А менавіта яно будуе мір і росквіт нашых народаў», – сказаў на заканчэнне Джонс.