У Польшчы прадставілі Закон аб абароне Айчыны



“Калі мы хочам пазбегнуць горшага, гэта значыць вайны, мы мусім дзейнічаць паводле старога правіла: «Хочаш міру, рыхтуйся да вайны», – сказаў падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі  віцэ-прэм’ер па пытаннях бяспекі Польшчы Яраслаў Качыньскі.

Лідар кіроўнай партыі „Права і Справядлівасць” разам з міністрам Нацыянальнай абароны Марыюшам Блашчакам прадставілі навелізаваны Закон аб абароне Айчыны:

– Калі мы хочам пазбегнуць гэтага найгоршага – вайны, то мусім дзейнічаць паводле старога правіла: «Хочаш міру, рыхтуйся да вайны».  А дакладней – хочаш міру, то будуй моцныя ўзброеныя сілы.

Яраслаў Качыньскі адзначыў, што памянялася і абвастрылася сітуацыя асабліва на ўсходняй мяжы Польшчы і адначасова НАТА:

– Маем тут гібрыдную вайну на мяжы, маем ужо правакацыі, маем вельмі моцную расейскую армію, якую падтрымлівае нашмат слабейшая армія Беларусі. Маем імперскія амбіцыі Расеі, маем няспынныя вучэнні расейскай арміі. І гэтыя вучэнні для наступальных дзеянняў, гэта трэба вельмі моцна падкрэсліць.

У сваю чаргу міністр Нацыянальнай абароны Польшчы  Марыюш Блашчак адзначыў, што тэрміновая вайсковая служба не вернецца. Гэта будзе далей добраахвотная служба.

Міністр Блашчак дадаў таксама, што Закон аб абароне Айчыны ўвядзе механізм атрымання дадатковых сродкаў на ўзбраенне. Новы закон таксама мае на мэце павялічыць колькасць Войска Польскага.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tvn24.pl