У Польшчы прайшлі пратэсты супраць змен у судах
Пратэстоўцы выступалі з заклікам да прэзідэнта Анджэя Дуды не падпісваць прынятыя парламентам законы.
У многіх польскіх гарадах прайшлі пратэсты супраць змен судовай сістэмы, якія прыняў польскі парламент. Тысячы чалавек у Варшаве, Познані, Кракаве, Уроцлаве ды многіх іншых гарадах выйшлі на вуліцы са свечкамі ў руках. Яны выступалі з заклікам да прэзідэнта Анджэя Дуды не падпісваць прынятыя парламентам законы, якія мяняць прынцыпы працы Дзяржаўнай судовай калегіі, судоў агульнай юрысдыкцыі і Вярхоўнага суда.
Пратэсты былі зладжаныя, сярод іншага, пад домам старшыні кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” Яраслава Качыньскага і прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў балтыйскім горадзе Хэль.
Апошнія некалькі дзён у Польшчы пануе надзвычай напружаная ўнутрыпалітычная сітуацыя. Усё па прычыне планаваных зменаў судовай сістэмы – спачатку змен у Дзяржаўнай судовай радзе, а цяпер у Вярхоўным судзе. Кіроўная партыя пераконвае, што прыняцце новага закону разбурыць „паталагічную закрытасць і карупцыю” судзейскага асяроддзя. У сваю чаргу апазіцыя перакананая, што ў выніку змен судовая ўлада будзе залежаць ад выканаўчай. Палітычныя спрэчкі суправаджаюцца шматтысячнымі пратэстамі грамадзян на вуліцах.