У Польшчы – выбарчая цішыня
У сувязі з правядзеннем у бліжэйшую нядзелю другога тура прэзідэнцкіх выбараў, у Польшчы з поўначы з пятніцы на суботу да канца галасавання, гэта значыць да 21.00 12 ліпеня, дзейнічае перадвыбарчая цішыня.
Польская паліцыя паведаміла, што па ўсёй краіне ўжо зафіксавана некалькі дзясяткаў інцыдэнтаў парушэння выбарчай цішыні. У большасці выпадкаў гэта зрыванне плакатаў і размяшчэнне на іх абразлівых запісаў.
Паліцыя нагадвае, што парушэнне перадвыбарчай цішыні з’яўляецца правапарушэннем і караецца штрафам ад 20 да за 5 тыс. злотых (ад 4 еўра 50 цэнтаў ажно да 1120 еўра).
Падчас перадвыбарчай цішыні забараняецца праводзіць агітацыю, уключаючы правядзенне сходаў, арганізацыю шэсцяў і дэманстрацый, выступленняў і распаўсюджванне матэрыялаў аб выбарах. Акрамя таго, забаронена публікаваць вынікі апытанняў грамадскай думкі адносна перамогі кандыдатаў, а таксама вынікі апытанняў, праведзеных у дзень галасавання. Палажэнні, датычныя захавання перадвыбарнай цішыні, распаўсюджваюцца на ўсе сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку Інтэрнэт.
Фота: jastrzebie.pl