У Польшчы выбары прэзідэнта
Паводле апошніх звестак агульная яўка выбарцаў у першым туры склала 62,9%. Гэта вышэй, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 5 гадоў таму. Тады ў першым туры прагаласавала 48, 96% ад тых, хто меў права галасаваць.
***
А 21-й гадзіне завяршылася галасаванне першага туру на выбарах прэзідэнта Польшчы. Паводле інфармацыі PKW (Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі) агульная яўка выбарцаў па звестках на 17-ю гадзіну (польскага часу) складала 47, 89%. Найвышэйшая яўка была зафіксавана ў Мазавецкім ваяводстве – 51,17%. А найменшая – у Апольскім ваяводстве – 42,32%.
Сярод цэнтраў ваяводстваў найбольш галасавала ў Варшаве – 54,76%, а найменш у Гданьску – 47,63%.
***
28 чэрвеня ў Польшчы праходзіць першы тур галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Ад 7-й да 21-й гадзіны будзе адчынена больш 27 тысяч выбарчых участкаў. Права галасаваць маюць больш 30 мільёнаў выбарцаў.
У выбарчых бюлетэнях знаходзяцца прозвішчы 11 кандыдатаў, размешчаных у альфабэтным парадку: Robert Biedroń, Krzysztof Bosak, Andrzej Duda, Szymon Hołownia, Marek Jakubiak, Władysław Kosiniak-Kamysz, Mirosław Piotrowski, Paweł Tanajno, Rafał Trzaskowski, Waldemar Witkowski i Stanisław Żołtek (Робэрт Бедрань, Кшыштаф Босак, Анджэй Дуда, Шыман Галоўня, Марак Якубяк, Уладыслаў Косіняк-Камыш, Міраслаў Пятроўскі, Павал Танайна, Рафал Тшаскоўскі, Вальдэмар Віткоўскі і Станіслаў Жолтак).
Падлік вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ёсць прасцейшы, чым выбараў у Сэйм, але яго можа ўскладніць падлік галасоў, аддадзеных карэспандэнцыйна праз пошту. PKW (Дзяржаўная Выбарчая Камісія) прадугледжвае, што афіцыйныя вынікі будуць абвешчаны найпазней ў сераду 1 ліпеня з раніцы. Але магчымы і аптымістычны варыянт – што канчатковыя вынікі будуць ужо ў аўторак.
Калі па выніках галасавання ў нядзелю аніводны кандыдат не набярэ больш 50 адсоткаў галасоў, пачнецца падрыхтоўка да другога туру выбараў. Другі тур пры патрэбе адбудзецца 12 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя