У Празе з’явілася плошча Барыса Нямцова



У чэшскай сталіцы прайшла цырымонія адкрыцця плошчы імя Барыса Нямцова. Дэпутаты гарадской рады Прагі 24 лютага аднагалосна прагаласавалі за рашэнне назваць імем забітага расейскага апазіцыйнага палітыка плошчу Pod kaštany („Пад каштанамі”), на якой знаходзіцца амбасада Расеі ў Чэхіі.

У заяве дэпутатаў гарадской рады гаворыцца, што такім чынам Прага выказвае салідарнасць з расейскай апазіцыяй і праваабарончым рухам.

Падзея была прымеркавана да пятай гадавіны забойства Барыса Нямцова. Яго застрэлілі ў Маскве на Вялікім Маскварэцкім мосце 27 лютага 2015 года.

Плошча, якая атрымала імя Барыса Нямцова, – невялікае перасячэнне трох дарог. Побач з ёй толькі расейская амбасада. На цырымонію перайменавання прыйшло некалькі дзясяткаў журналістаў, столькі ж паліцыянтаў і ўдзельнікаў акцыі.

Актывісты прыйшлі з плакатамі і ўлёткамі „Змагайся”, „Расея без Пуціна”, „Спынім чырвоны нацызм!” на расейскай, чэшскай і ангельскай мовах.

Дачка Барыса Нямцова Жанна падзякавала ўладам Прагі за ўшанаванне імя яе бацькі.

У перайменавання плошчы былі і супраціўнікі. Сярод іх і прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан, ведамы прыхільнік палітыкі Уладзіміра Пуціна.

Беларускае Радыё Рацыя

фота www.idnes.cz