У прыспешаным тэмпе польскі Сейм прыняў папраўкі ў Выбарчы кодэкс
У прыспешаным тэмпе, без працы ў камісіі, у польскім Сейме прайшлі працы над праектам клуба “Права і Справядлівасць” у справе прэзідэнцкіх выбараў. У аўторак Сейм пачаў абмяркоўваць новы праект, і ўвечары гэтага ж дня яго прыняў. Апазіцыя – абураная. Як пракаментаваў палітык “Грамадзянскай кааліцыі” Борыс Будка, “вы паказалі, што не ўмееце вучыцца на памылках. Вы прапанавалі чарговы 24-гадзінны цыкл прыняцця дзіравых артыкулаў і галасавання за іх супраць тых дэкларацый, якія мы супольна рабілі”.
Паводле праекту, галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах будзе праходзіць на выбарчых участках, але паводле жадання можна будзе прагаласаваць праз пошту. Таксама вернутая роля Дзяржаўнай выбарчай камісіі ў арганізацыі выбараў. Ранейшыя змены, прынятыя Сеймам і падпісаныя прэзідэнтам, прадугледжвалі толькі выбары праз пошту – карэспандэнцыйныя.
Выбары прэзідэнта меліся адбыцца ў Польшчы 10 траўня, але не адбыліся. Новую дата іх правядзення прызначыць маршалак Сейму.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота wprost.pl