У Расеі па палітычных матывах зняволены 27 грамадзян Украіны
У Расеі па палітычных матывах зняволены 27 грамадзян Украіны. Пра гэта на брыфінгу 6 жніўня ў Кіеве сказаў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Андрэй Заяц, перадае карэспандэнт выдання „ГОРДОН”.
„Зараз у Расеі ўтрымліваюць 27 грамадзян Украіны, справы якіх у прыярытэце міністэрства. Гэта палітычна матывавана засуджаныя. На асаблівым кантролі ў нас справы Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанкі, паколькі расейскі бок па-ранейшаму працягвае ігнараваць запыты на прадастаўленне інфармацыі пра стан іх здароўя” – сказаў Заяц.
Па яго словах, адносна спраў палітычных зняволеных МЗС Украіны накіравала больш 300 нот ў МЗС Расеі з патрабаваннем вызвалення і забеспячэння правоў украінцаў, консулы 240 разоў наведалі іх у месцах зняволення, а таксама бяруць удзел у адкрытых судовых паседжаннях па іх справах.
Андрэй Заяц паведаміў, што з 2015 года ўдалося вызваліць дзевяць украінцаў, якія па палітычных матывах утрымліваліся ў Расейскай Федэрацыі.
20 траўня спікер МЗС Украіны Мар’яна Беца паведамляла, што ў Расеі па палітычных матывах утрымліваюцца 24 украінцы, а ў акупаваным Крыме – больш 40.
Беларускае Радыё Рацыя