У Расеі прайшлі акцыі памяці Барыса Нямцова



У цэнтры Масквы ў суботу, 29 лютага, без асаблівых здарэнняў завяршыўся марш памяці аднаго з лідараў апазіцыі Барыса Нямцова, забітага пяць гадоў таму, перадае DW.

Па дадзеных аб’яднання валанцёраў „Белы лічыльнік”, які вядзе падлік удзельнікаў мітынгаў і шэсцяў, на акцыю сабраліся больш за 22 тысячы чалавек. Паліцыя гаворыць пра прыкладна 10,5 тысяч удзельнікаў.

На расцягнутым ва ўсю шырыню вуліцы транспаранце наперадзе калоны былі надпісы „Пуціна ў адстаўку” і „Заказчык забойства павінен сядзець”. Шэсце ўзначалілі такія палітычныя дзеячы, як Ілля Яшын, Уладзімір Кара-Мурза, Міхаіл Касьянаў.

Акцыі памяці забітага ў 2015 годзе палітыка прайшлі і ў іншых гарадах – у прыватнасці, у Санкт-Пецярбургу, Екацерынбурзе, Новасібірску, Барнавуле, Іркуцку. Іх удзельнікі сёлета выступаюць таксама супраць прысудаў па справе „Сеткі” і змяненняў у Канстытуцыі.