У Расеі затрымалі ўкраінскага консула
Федэральная служба бяспекі Расеі затрымала ў Санкт-Пецярбургу ўкраінскага консула Аляксандра Сасанюка. Яго абвінавацілі ў дзейнасці, несумяшчальнай са статусам дыпламата, — атрыманні закрытай інфармацыі.
Паводле ФСБ, Сасанюка затрымалі, калі ён атрымліваў ад грамадзяніна Расеі інфармацыю з базаў звестак праваахоўных органаў і ФСБ. Да ўкраінскага консула прыменяць «меры ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права» — звычайна гэта значыць, што яго вышлюць з краіны. У ФСБ заявілі, што дзеянні консула насілі «відавочны варожы характар у дачыненні да Расейскай Федэрацыі». Інцыдэнт адбыўся на фоне абвастрэння сітуацыі на ўсходзе Украіны, дзе да тэрыторыяў, якія кантралююць сепаратысты, і анексаванага Крыма сцягнулі шмат войскаў.
Беларускае Радыё Рацыя