У Рэчыцы ідзе пераслед журналіста Андрэя Мядзведзева
Як паведамляе „Палеская вясна” 7 траўня дамоў да рэчыцкага журналіста Андрэя Мядзведзева з мэтай апытання прыйшоў участковы інспектар лейтэнант міліцыі Дзмітрый Рамашкевіч. Ён паведаміў, што яму паступіў для праверкі матэрыял пра тое, што нібыта Мядзведзеў у каментары ў сацыяльнай сетцы абразіў грамадзяніна Ігара Сяргеева.
Андрэй Мядзведзеў
Як высветлілася, старшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў Рэчыцкага РАУС маёр міліцыі Андрэй Бутрам’еў склаў рапарт на імя начальніка РАУС. У ім ён паведаміў, што падчас маніторынгу сацыяльнай сеткі ВКонтакте ён выявіў допіс, на ягоную думку, абразлівага характару ў дачыненні да грамадзяніна Сяргеева Ігара Георгіевіча. У каментары, на думку маёра Бутрам’ева, маюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса. У матэрыялах, якія меліся ў распараджэнні ўчастковага, быў толькі гэты рапарт, раздрукоўка з сістэмы «Пашпарт», а таксама скрыншоты з інтэрнэту са спрэчным каментаром і артыкуламі, якія яго выклікалі. Заявы самога Сяргеева сярод матэрыялаў праверкі не было. Участковы паведаміў, што заява не пададзеная, а праверка ажыццяўляецца на падставе рапарту оперупаўнаважанага.
10 красавіка сайт Гомельская Вясна змясціў артыкул «Як валанцёры ў Рэчыцы дапамагаюць у змаганні супраць каронавірусу», у якім распавёў пра тое, што рэчыцкая актывістка кампаніі «Гавары праўду» Алена Лінкевіч шые ахоўныя маскі для медработнікаў паводле дамовы з мясцовым прадпрыемствам «Рэчыцабыт». Пры гэтым прыналежнасць Алены Лінкевіч да кампаніі «Гавары праўду» проста згадана ў першым абзацы тэксту.
Але 20 красавіка на артыкул Гомельскай Вясны адрэагавала рэчыцкая дзяржаўная раённая газета «Дняпровец», якая змясціла артыкул «Речичанам на заметку. Маски как повод хайпануть». У ім доўга падводзіцца да таго, што шыць маскі – гэта добра і высакародна, але – не для актывістаў нейкіх палітычных рухаў.
«Напрыклад, якое дачыненне рух «Гавары праўду» мае да вырабу масак у горадзе Рэчыцы? «Речицабыт» – мае, мы з вамі, калі шыем сабе маскі, таксама маем. Аказваецца, пашыць маску са спанбонда – гэта палітычная акцыя, вартая лагатыпу грамадскага руху і размяшчэння на старонцы яго афіцыйнай асобы Таццяны Караткевіч. Прынамсі, так думае Алена Лінкевіч – рэчыцкая актывістка. Дзіўнае меркаванне», – гаворыцца ў артыкуле, падпісаным нейкім Лаўрэнціем Сігуранцавым.
Гэты артыкул перапосціў адзін з рэкламных рэчыцкіх сайтаў і адміністратары змясцілі спасылку на яго ў самай шматлікай рэчыцкай суполцы ВКонтакте. Менавіта пад пастом з гэтай спасылкай 21 красавіка пакінуў свой каментар Андрэй Мядзведзеў.
«Спадар Сяргееў з уласцівым яму маладушніцтвам і баязлівасцю схаваўся за новым псеўданімам, каб нашкрэбаць паскудненькі опус пра тое, што нехта нешта робіць у той час, як ён толькі і робіць, што на аўтамаце сціскае вядомую адтуліну паміж спіной і нагамі ў страху, каб хтосьці з супрацоўнікаў „вверенной” яму рэдакцыі не пісануў альбо не сказаў дзесьці штосьці „крамольнае” альбо не наведаў якуюсьці імпрэзу, не спытаўшы ягонага „найвышэйшага дазволу”?! Каго-небудзь, акрамя Сяргеева ў артыкуле на Гомельскай Вясне закранула ўвогуле ўзгадванне грамадскага аб’яднання, чальцом якога з’ўляецца гераіня матэрыяла?», – напісаў Мядзведзеў.
Менавіта ў гэтым каментары оперупаўнаважаны Андрэй Бутрам’еў угледзеў абразу Сяргеева. А Ігар Сяргееў – гэта як раз галоўны рэдактар газеты «Дняпровец». Мядзведзеў лічыць, што менавіта ён аўтар артыкула пра Лінкевіч.
Ігар Сяргееў, Фота: zviazda.by
«Калі шчыра, дык мяне моцна абурыла тое, што раённая газета зачапілася за ўзгадванне прыналежнасці актывісткі, якая шые маскі для медыкаў, да «Гавары праўду», хаця, сам артыкул быў зусім не пра гэтую кампанію, а пра тое, што робіць непасрэдна Лінкевіч. Таму я і напісаў гэты каментар. Але я імкнуўся вытрымаць яго ў максімальна прыстойных словах, не ўжываючы нейкіх нецэнзурных і абразлівых выразаў. Гэта, на мой погляд, не абраза, а ацэначнае меркаванне, прычым, з дапушчэннем – у канцы фразы пастаўлены знак “?!”. Ніякага Лаўрэнція Сігуранцава ў рэдакцыі „Дняпроўца” няма. Я больш за шэсць гадоў працаваў у гэтай газеце і цудоўна ведаю стыль, якім піша Ігар Сяргееў. Тым больш, псеўданім, які пачынаецца з першых літараў ягонага прозвішча, імя і імя па бацьку, не пакінуў у мяне сумневаў у ягоным аўтарстве», – кажа Андрэй Мядзведзеў.
Ён таксама гаворыць, што яго здзівіла тое, што міліцыя праводзіць праверку, на падставе рапарта свайго ж супрацоўніка. Гэты рапарт зарэгістраваны ў Адзінай кнізе рэгістрацыі паведамленняў аб правапарушэннях як паведамленне пра злачынства (стаіць адпаведны штамп), і ў ім паведамляецца пра прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 189 (ды яшчэ і часткай 2, калі ў сучасным Крымінальным кодэксе гэты артыкул складаецца з адной часткі). Але справы паводле гэтага артыкула, згодна з артыкулам 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, з’яўляюцца справамі прыватнага абвінавачвання і заводзяцца асобай, пацярпелай ад такога злачынства. Заявы ж Сяргеева ў матэрыялах праверкі, якая ўжо вядзецца, на цяперашні момант няма.
«Я лічу, што гэта робіцца ў межах тае кампаніі ціску на актывістаў, блогераў – усіх, хто мае адрозны ад уладнага погляд на сітуацыю ў краіне і нешта робіць для яе зменаў», – дадае журналіст.
Нагадаем, што 23 красавіка з аглядам жылля міліцыянты прыйшлі і да кіраўніцы Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» і каардынатаркі ініцыятыўнай групы, якая змагаецца за чыстае паветра ў Светлагорску, Алены Маслюковай. Яе таксама вінавацяць у абразе.