У Ровенскай вобласці замінавалі ўвесь памежны перыметр



На Ровеншчыне замінавалі ўвесь памежны перымэтр, а ля мяжы з Беларуссю працягваюць узводзіцца фартыфікацыйныя збудаванні, паведаміў 15 студзеня кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль.

«У нашым рэгіёне ўвесь памежны перыметр замінаваны. Да таго ж поўнач Ровенскай вобласці — гэта цалкам лясы і балоты. Толькі вар’ят адважыцца лезці ў гэты, як мы завем, Палескі кацёл. Поўнач Ровеншчыны стане крывавым балотам, калі Расея адкрые яшчэ адзін фронт з боку Беларусі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Коваль.

Ён таксама адзначыў, што на поўначы рэгіёну актыўна ўзводзяць інжынерныя і фартыфікацыйныя збудаванні, абсталёўваюць супрацьтанкавыя равы.

«Усе 229 км сумеснай з Рэспублікай Беларусь [мяжы] умацоўваюцца настолькі, каб расейскія войскі не змаглі прайсці ўглыб нашага рэгіёна. Гэта край партызанскай славы», — адзначыў Коваль.

Паводле яго, мясцовыя жыхары добраахвотна кожны дзень прыходзяць выкопваць супрацьтанкавыя равы, дапамагаюць узводзіць агароджы і іншыя абарончыя збудаванні.

У студзені ўкраінскія вайскоўцы правялі вучэнні каля мяжы з Беларуссю, падчас якіх адпрацавалі меры па абароне краіны ў выпадку новага ўварвання з поўначы.