У сацсетцы „ВКонтакте” адпраўлялі допісы ў падтрымку Пуціна з старонак памерлых людзей



У сацыяльнай сетцы  „ВКонтакте” з старонак памерлых людзей адпраўлялі допісы ў падтрымку прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з хаштэгам #ПутинКрут, паведамляе выданне  Znak.

Адзначаецца, што адразу пасля вялікай прэс-канферэнцыі Пуціна, якая прайшла 14 снежня, многім паблікам у гэтай сацсетцы пачалі ісці прапановы пра публікацыю постаў з заклікам паглядзець размову прэзідэнта з журналістамі. Запісы былі ілюстраваныя постарамі з выявай кіраўніка расейскай дзяржавы і яркімі цытатамі з яго выступу. У ніжнім правым куце карцінак указана, што за іх стварэнне адказвала арганізацыя „Молодая гвардия Единой России”.

На тое, што частка карыстальнікаў, ад якіх ішлі прапановы апублікаваць такія посты, ужо памерлі, пачалі ўказваць карыстальнікі сацсеткі. Яны альбо ведалі нябожчыкаў, альбо вырашылі вывучыць акаўнты, піша выданне.

Znak адзначае, што зараз гэтыя старонкі сталі знікаць, некаторыя з іх пазначаны як заблакаваныя з прычыны падазронай актыўнасці.

Беларускае Радыё Рацыя