У Сейме дыскутавалі пра малы памежны рух



На паседжанні паламенцкай групы па Беларусі польскага парламенту дэпутаты Сейма, супрацоўнікі польскага МЗС абмеркавалі з прадстаўнікамі Беларускага Дому у Варшаве і Альянса “Грамадзянская Гарадзеншчына” дамову “Аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай”. Асаблівая ўвага была прысвечана актуальнай сітуацыі і перспектывам увядзення малога памежнага руху паміж  краінамі, паведаміў сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Прыйшлі да такіх высноваў, што малы памежны рух аднолькава карысны і беларускаму, і польскаму боку. Гэта не толькі пашырэнне культурных, навуковых, гандлёвых  кантактаў на польска-беларускім памежжы, але гэта таксама інвестыцыі і ў беларускую эканоміку, і ў польскую. Таксама гэта развіццё беларускага агратурызму і прыцягненне палякаў з памежных рэгіёнаў, каб яны маглі прыязджаць адпачываць у Беларусь.

У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах Сейму Польшчы Роберт Тышкевіч, намеснік старшыні парламенцкай групы па Беларусі дэпутат Малгажата Гасеўска, сябра групы дэпутат Міхал Шчэрба. Польскае міністэрства замежных справаў прадстаўлялі супрацоўнікі Усходняга дэпартаменту МЗС. У якасці станоўчых прыкладаў польскі бок прывёў малы памежны рух з Украінай і Калінінградскай вобласцю Расеі.

Падчас дыскусіі беларускія прадстаўнікі зазначылі, што менскія ўлады мусяць перастаць хавацца за агульнымі словамі, а пераходзіць да канкрэтыкі — што менавіта, дзе і калі трэба зрабіць, каб малы памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю запрацаваў для грамадзян абедзвух краінаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mragowo.wm.pl