У Сейме Польшчы сустрэліся з прадстаўнікамі апазіцыі



У польскім Сейме прынялі праект пастановы ў беларускім пытанні. Гэта стала вынікам пасяджэння камісіі па замежных справах з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. У рэзалюцыі адзначаецца хваля рэпрэсій, якая прайшла апошнімі днямі ў краіне, агучваюцца канкрэтныя прозвішчы затрыманых палітыкаў, сярод якіх прозвішчы Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і Рыгора Кастусёва. Таксама гаворыцца пра неабходнасць стварэння „дарожнай мапы” для Беларусі.

Традыцыйная штогадовая сустрэча беларускай апазіцыі ў польскім Сейме дапамагае абмяняцца думкамі, прагнозамі і ацэнкай сітуацыі ў Беларусі, а таксама дапамагае будаваць стратэгічныя і тактычныя планы на бліжэйшы год.

На думку старшыні Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча, адным з вынікаў такіх сустрэч стала тое, што Польшча шмат увагі надае пытанням дэмакратычных рэформаў у Беларусі і захаванню правоў чалавека. Палітык расказаў пра пасыл, з якім прыехаў у Варшаву:

– У Беларусі з’явілася больш магчымасцей для працы з грамадствам, бо рэжым Лукашэнкі разумее небяспекі, якія ідуць з боку ўсходняга суседа. Пытанне незалежнасці выходзіць на першы план. У гэтай сітуацыі, калі дзеючы рэжым нічога не можа супрацьпаставіць „расейскаму свету”, неабходна скіроўваць асноўную падтрымку на дзейнасць незалежных СМІ, грамадскіх аб’яднанняў.

Падчас выступаў у межах камісіі па замежных справах польскага Сейма шмат разоў звярталася ўвага на неабходнасць падтрымкі незалежных СМІ, узгадвалася нашае Беларускае Радыё Рацыя і спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Сярод прысутных на сустрэчы – дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якія адзначылі, што знаходзіцца ў Сейме неафіцыйна.

„Такія мерапрыемствы маюць найперш маральнае вымярэнне”, – так сустрэчу ў польскім Сейме з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі каментуе намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў. Тым не менш абмяркоўваюцца і практычныя моманты, якія пазней уплываюць на тое, якія пытанні падымаюцца на афіцыйным польска-беларускім узроўні.

Партыя БНФ прыехала на сустрэчу, якую ладзіць сеймавая камісія па замежных справах, з канкрэтнымі пытаннямі:

– Партыя БНФ заўсёды стаіць на варце нацыянальных каштоўнасцяў. У сувязі з гэтым для нас вельмі важная справа Курапатаў, абароны гэтага нашага нацыянальнага мемарыяла. Гэтае пытанне вядома будзе ўзнятае. Таксама, як заўсёды, нас непакояць адносіны беларускіх афіцыйных уладаў з Расеяй, гэтае пытанне таксама мы ўзнімаем.

Падчас адкрыцця пасяджэння камісіі па замежных справах польскага Сейма дэпутат ад „Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч адзначыў, што сустрэча адбывацца на фоне затрымання прадстаўнікоў апазіцыі ў Беларусі:

– Сустракаемся ў асаблівых абставінах апошніх дзён, бо ў Беларусі прайшла хваля арыштаў. Мы хацелі б узяць голас у гэтым пытанні, як камісія па замежных справах. Хачу адзначыць, што салідарнасць камісіі па замежных справах з суседзямі і прыяцелямі з Беларусі павінна заўсёды акцэнтавацца. Мы хочам агучыць імёны ўсіх асобаў, якія знаходзяцца пад арыштам.

„Добра, што такое пасяджэнне адбылося менавіта цяпер”, – адзначыў польскі палітык Павел Коваль:

– Асабліва сёння гэта мае значэнне, бо шмат еўрапейскіх краін Еўрапейскага Звяза вырашыла пайсці на глыбокі дыялог з урадам Беларусі. Недзе губляецца голас прадстаўнікоў апазіцыі. Гэта сустрэча для таго, каб апазіцыя магла выказацца.

„Галоўным пытаннем застаецца крытычны дыялог па Беларусі”, – адзначыў пасля сустрэчы ў польскім Сейме сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. На думку палітыка, беларускім уладам трэба выстаўляць канкрэтныя патрабаванні па сістэмных рэформах у галіне захавання правоў чалавека:

– Што хаваць, Еўрапейскі Звяз зняў амаль усе патрабаванні, якія выстаўляліся раней. Пакінулі адно досыць фармальнае – гэта мараторый на смяротнае пакаранне. Зразумела, што без рэформы судовай, пенетэнцыярнай сістэмы, мараторый на смяротнае пакаранне не будзе азначаць, што ў вязніцах не будуць забіваць вязняў. Дыялог мусціць быць абумоўлены, мы за тое, каб Еўразвяз быў адчынены, але адначасна трэба мець стратэгію.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Падчас пасяджэння кандыдат у прэзідэнты 2010 году Андрэй Саннікаў падкрэсліў важнасць санкцый у дачыненні да рэжыму ў Беларусі. Алесь Зарэмюк з Беларускага дома ў Варшаве выказаў крытыку адносна таго, што падобныя пасяджэнні часта не маюць канкрэтных практычных вынікаў. Шмат гаварылася пра неабходнасць падтрымкі незалежных медыяў. Напярэдадні прадстаўнікі беларускай апазіцыі правялі таксама сустрэчы ў польскім Міністэрстве замежных спраў.

У залі пасяджэнняў пакінулі два сімвалічныя месцы: для Мікалая Статкевіча і Рыгора Кастусёва, якія былі затрыманыя ў Менску. Напярэдадні прадстаўнікі беларускай апазіцыі правялі сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара