У Сейме створаць групу для супрацы з „палаткай”
У той жа час у Сейме ўжо працуе парламенцкая група па справах Беларусі. Яе кіраўнік, дэпутат ад “Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч заклікаў маршалка Сейма скасаваць пастанову пра скліканне міжпарламенцкай групы.
Зварот Тышкевіча каментуе старшыня новай фармацыі, дэпутат ад Падляшша Адам Андрушкевіч ад грамадскага руху “Кукіз ‘15”:
– Наладжваюцца кантакты з Беларуссю, адбыўся візіт міністра Вашчыкоўскага ў Менск, сустрэча з прэзідэнтам Лукашэнкам, таму роспуск групы быў бы незразумелым. Лічу, што гэтая просьба беспадстаўная.
Як заяўляе дэпутат Андрушкевіч, бліэйшымі днямі адбудзецца прэс-канферэнцыя новай групы, на якой будуць агучаныя яе мэты і планы.
У звароце да маршалка парламентарыі нагадваюць, што ў 2005 годзе Сейм і Сенат прынялі пастанову пра тое, што афіцыйнае супрацоўніцтва з беларускім парламентам можа адбывацца толькі ў выпадку, калі ў Беларусі будуць праходзіць дэмакратычныя выбары. Такая пастанова прынятая і ў іншых краінах Еўразвяза.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя