У Сенаце ЗША заявілі пра рост расейскай прапаганды



Камітэт Сената ЗША па выведцы заявіў пра ўзмацненне актыўнасці найбольш вядомай структуры, якая ажыццяўляе прапагандысцкую дзейнасць па даручэнні Крамля, пасля мінулых выбараў амерыканскага прэзідэнта. «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» Яўгена Прыгожына, якое базуецца ў Санкт-Пецярбургу, «хутчэй пашырыла, чым згарнула» сваю дзейнасць з моманту галасавання ў лістападзе 2016 года, заявіў у аўторак, 8 кастрычніка, камітэт, які расследуе меркаванае расейскае ўмяшанне.

Пры гэтым актыўнасць звязаных з «фабрыкай троляў» акаўнтаў у Instagram вырасла больш чым на 200 адсоткаў, акаўнтаў у Facebook, Twitter і Youtube — на больш чым 50 адсоткаў, указваецца ў заяве дзвюхпартыйнага камітэта, які ўзначальвае рэспубліканец Рычард Барам.

Прапаганда нацэлена на афраамерыканцаў

Па дадзеных сенатараў, расейская кампанія была накіравана, перш за ўсё, на афраамерыкацаў і мела на мэце абвастрэнне ўнутранай напружанасці і павышэнне шанцаў на перавыбранне прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа.

Адначасова камітэт па выведцы рэкамендаваў Кангрэсу разгледзець новыя законы, якія абавязваюць раскрываць інфармацыю аб заказчыках інтэрнэт-рэкламы, звязанай з выбарамі.

Расследаванне Роберта Мюлера

«Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» і іншыя расейскія структуры, што займаюцца прапагандай у Сеціве, знаходзіліся ў фокусе расследавання спецпракурора ЗША Роберта Мюлера, які з траўня 2017 года вывучаў меркаванае ўмяшанне РФ у выбары амерыканскага прэзідэнта ў 2016 годзе.

Вынікі даследавання былі прадстаўлены ў сакавіку 2019 года. Па дадзеных Мюлера, умяшальніцтва ў выбары адбывалася праз «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў», якое звязваюць са структурамі бізнесмена Яўгена Прыгожына, а таксама праз хакерскія атакі. Кампанія Масквы па ўмяшанні ў амерыканскія выбары была рознабаковай і скаардынаванай і праводзілася з удзелам дзяржаўных СМІ і агенцтваў, хакераў, праплочаных карыстальнікаў сацсетак («троляў»), блогераў і спецслужбаў.

Расея катэгарычна адмаўляе ўмяшанне ў прэзідэнцкую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе. У сваю чаргу Трамп заяўляе, што з’яўляецца ахвярай «палявання на ведзьмаў», і таксама рашуча адмаўляе змову свайго выбарчага штаба з Масквой.

dw.com