У штабе Ціханоўскай пракаментавалі інфармацыю пра яе абвяшчэнне ў вышук
У штабе экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай пракаментавалі інфармацыю пра яе абвяшчэнне ў вышук, якую распаўсюдзіла 7 кастрычніка расейскае інфармагенцтва ТАСС.
„Мы не ў курсе. Ніякіх паведамленняў Святлана не атрымлівала, — сказала БелаПАН прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна. — І наогул, гэта малацікавае. Значна цікавейшае, што яна сустрэлася з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, з кіраўніком МЗС Германіі Хайка Маасам, выступіла ў парламентах Францыі і Германіі”.
„Святлана ўсюды казала пра Беларусь, пра неабходнасць пачаць дыялог для вырашэння ўнутрыпалітычнага крызісу, прычым гэты крызіс беларускі народ вырашыць самастойна, мы просім толькі паважаць наш суверэнітэт і волю беларускага народа”, — адзначыла Красуліна.
Не як прэс-сакратар, а як „спецыяліст па інфармацыі” яна выказала меркаванне, што звесткі пра абвяшчэнне ў вышук — „гэта інфармацыйнае ўкіданне, скіраванае на адцягненне ўвагі ад візіту Святланы Ціханоўскай на самым высокім узроўні”. „У беларускіх уладаў няма ўласнай позвы, каб перабіць яе поспехі, яны спрабуюць пазітыў Святланы перабіць негатывам у яе бок, гэта значыць перабіць Святлану Святланай жа — такім чынам яны дэманструюць уласную слабасць, няслушнасць”, — лічыць Красуліна.
„Ніякіх рэальных фактаў пра абвяшчэнне ў вышук сапраўды няма. Мне паступалі сігналы, што МУС Беларусі не аб’яўляла ў вышук”, — дадала яна.
7 кастрычніка ТАСС паведаміў, што Ціханоўская абвешчаная ў вышук на тэрыторыі Расеі — яе звесткі ўнесеныя ў базу МУС Расіі. „Падстава для вышуку: адшукваецца па артыкуле КК”, — адзначаецца ў паведамленні.
Крыніцы ў праваахоўных органах растлумачылі, што Ціханоўская была абвешчаная ў вышук у Беларусі, але ён таксама будзе ажыццяўляцца і ў Расеі, бо гаворка ідзе аб міждзяржаўным вышуку, адзначыла расійскае інфармагенцтва.
У той жа дзень прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава заявіла БелаПАН, што высвятляе гэтую інфармацыю, але з таго часу датэлефанавацца да яе не ўдаецца.
Пра тое, што Святлана Ціханоўская выехала ў Літву, стала вядома 11 жніўня — пра гэта паведаміў у „Твітэры” кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус.
10 жніўня, на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў, Ціханоўская правяла прэс-канферэнцыю, на якой заявіла, што лічыць сябе пераможніцай на выбарах. Увечары яна панесла ў ЦВК скаргу з патрабаваннем пералічыць галасы на асобных выбарчых участках. У кабінеце кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай з Ціханоўскай некалькі гадзін размаўлялі прадстаўнікі сілавых структур. Святлану прымусілі запісаць відэазварот да беларусаў, у якім яна заявіла, што „абсалютна самастойна” прыняла рашэнне з’ехаць за мяжу.
Абставіны свайго ад’езду з Беларусі Ціханоўская не каментуе дагэтуль. Аднак паводле слоў яе паплечнікаў, Ціханоўскую вымусілі з’ехаць пад пагрозамі, прычым вывезлі яе за мяжу прадстаўнікі ўлады.
Пра тое, што ў дачыненні да Ціханоўскай распачатая крымінальная справа, не паведамлялася. Разам з тым вядома, што крымінальная справа адкрытая па факце стварэння Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, сфармаванай з ініцыятывы Ціханоўскай. Пра гэта 20 жніўня паведаміла Генпракуратура Беларусі. Справа распачатая на падставе арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).