У Слуцку дазволілі мітынг да ўгодкаў Збройнага чыну
Партыя БНФ атрымала дазвол адзначыць ўгодкі Слуцкага збройнага чыну – паўстання, якое адбылося ўвосені 1920 году. Яго мэтай было абараніць незалежнасць Беларусі.
Заяўку на правядзенне мерапрыемства ў гонар паўстання падалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік яе слуцкай арганізацыі Віталь Амяльковіч.
Як распавёў Аляксей Янукевіч, шэсце і мітынг пройдуць у Слуцку 28 лістапада. Збор каля мясцовага музея ў 14.30. Пасля адбудуцца дэманстрацыя і мітынг і гарадскім парку.
– Слуцкі збройны чын – гэта надзвычай важная падзея ў беларускай гісторыі. Яскравае сведчанне таго, як дзясяткі тысячаў беларусаў імгненна змабілізаваліся, як толькі склалася адпаведная гістарычная сітуацыя, каб утварыць і абарніць сваю ўласную дзяржаву. Гэта сведчанне волі беларускага народу – мець сваю дзяржаву і абараняць сваю дзяржаву, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля беларускай дзяржавы.
„Таму дзеля таго, каб нацыянальная свядомасць умацоўвалася ў беларускім народзе, прыклад і ўзор Слуцкага збройнага чыну павінен пашырацца не толькі на ўзроўні грамадскіх арганізацый і палітычных партый, але і на дзяржаўным узроўні. І я перакананы, што рана ці позна так і будзе,” – упэўнены Аляксей Янукевіч
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Слуцкі раённы выканкам дазволіў мітынг да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. Заяўнікамі акцыі выступілі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і кіраўнік яе слуцкай арганізацыі Віталь Амяльковіч. За апошнія гады мясцовыя ўлады не дазвалялі „санкцыянавана” ўшаноўваць памяць слуцкіх паўстанцаў, таму сёлетні дазвол – радуе. Кажа насемнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
– Былі такія гады, калі дазвалялі. Па-мойму, нават у 2010 годзе дазвол быў, а пасля не было. І вось у гэтым годзе дазволілі. Гэта, канешне, добра. Хацелася б верыць, што так будзе і надалей. Але гледзячы на тое, што адбываецца пасля Свіслачы, ясна, што незаўсёды і няўсюды раённыя ці цэнтральныя ўлады разумеюць неабходнасць адзначэння такіх гістарычных падзей у Беларусі, якія прывялі да таго, што сёння маем Беларусь незалежнай краінай.
Мерапрыемства ў Слуцку пройдзе ў суботу, 28-га лістапада, і пачнецца ў 14.30 зборам удзельнікаў ля будынка Слуцкага краязнаўчага музея. Адтуль калона рушыць да гарадскога парку культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай, дзе запланаваны ўрачысты мітынг ушанавання памяці ўдзельнікаў Слуцкага паўстання 1920-га года.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bnp.by