У снежні адбудзецца Усебеларускі кангрэс за Незалежнасць



У першай палове снежня ў Беларусі мае адбыцца Усебеларускі кангрэс за Незалежнасць. Такое рашэнне было прынятае ў Менску на чарговым пасяджэнні аргкамітэту кангрэса.

Да працы аргкамітэту далучыліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Мікола Савіцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр Уладзімір Колас і праваабаронца Міхаіл Пастухоў.

Уладзімір Колас адзначае, што пакуль абмяркоўваюцца пытанні, якія будуць вынесеныя на кангрэс, а таксама фармат яго правядзення:

-З аднаго боку вонкава падтрымліваецца і шануецца мова, гісторыя, але гэта ўсё на ўзроўні фальклору – лапці ў чырвоным кутку. З іншага боку гэтая мова вынішчаецца, зачыняюцца бларускія школы – гэта савецкая каланіяльная палітыка, якая падтрымліваецца ўсходнім суседам, за якую і атрымліваюцца эканамічныя прэферэнцыі. Тая залежнасць, у якую ўсё больш і больш трапляе кіраўніцтва краіны, з самага пачатку ставіць пад пагрозу незалежнасць Беларусі.

Доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі Міхаіл Пастухоў – былы суддзя Канстытуцыйнага суда, які захаваў адданасць прысязе і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, назваў ідэю правядзення кангрэсу “вельмі слушнай” і адзначыў, што існуюць грунтоўныя падставы для арганізацыі гэтага форуму, паколькі 29 траўня 2014 года ў Астане кіраўнікамі Беларусі, Казахстану і Расеі падпісаная дамова аб Еўразійскім эканамічным звязе, якую бліжэйшым часам плануюць ратыфікаваць. На думку юрыста, у гэтай дамове ёсць палажэнні, што нясуць непасрэдную пагрозу незалежнасці Беларусі. Гаворка ідзе, між іншым, пра артыкул 6, што тычыцца прававых актаў, якія прымаюцца наддзяржаўнымі органамі і з’яўляюцца абавязковымі для дзяржаў-удзельніц ЕўрАзЭЗ. І калі гэтая дамова будзе ратыфікаваная, можна сцвярджаць пра рэальную небяспеку для суверэнітэту Беларусі, падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя