У Сочы праходзяць перамовы кіраўнікоў дзяржаў СНД
У Сочы праходзяць перамовы лідараў краін СНД у вузкім складзе, паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Адкрываючы сустрэчу, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што асаблівая ўвага на сённяшнім саміце будзе нададзена эканамічнай тэматыцы і паглыбленню гандлёва-інвестыцыйных сувязяў, а таксама ўстараненню бар`ераў на шляху тавараў і паслуг.
Пасля сустрэчы ў вузкім складзе пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД будзе працягвацца ў пашыраным фармаце — да прэзідэнтаў далучацца члены дэлегацый. Плануецца падрабязна абмеркаваць пытанні далейшага развіцця супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай галінах і іншых ключавых сферах.
На парадку дня ў агульнай складанасці 17 пытанняў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Традыцыйна ў парадак дня пасяджэння ўключана тэматыка арганізацыі бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам у рэгіёне і свеце ў цэлым. Адным з пунктаў перамоў стане разгляд шляхоў удасканалення дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і яе адаптацыі да сучасных рэалій. Абмяркоўваюцца таксама арганізацыйныя пытанні, удакладнілі ў прэс-службе.
Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Сочы 10 кастрычніка. Напярэдадні расейскія СМІ са спасылкай на памочніка прэзідэнта РФ Юрыя Ушакова паведамілі, што асобнай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам не плануецца. „Хоць я, натуральна, не выключаю нейкага кантакту на нагах па тых ці іншых пытаннях, а можа быць, яна [асобная сустрэча] і будзе ўзгоднена па ходу”, — дадаў Ушакоў.
Фота: БелТА