У спісе выбаршчыкаў апынуліся грамадзяне Украіны
Пра гэта паведаміла незалежная назіральніца Наталля Манькоўская, якая назірае ў Менску:
– Выбаршчык прыйшоў на 36-ы ўчастак па Маскоўскім раёне, каб прагаласаваць. А потым выходзіць і падыходзіць да нас, назіральнікаў. І кажа, што штосьці там дзіўнае, я не буду галасаваць. Вы мяне палічылі, выкрасліце мяне са спісаў, бо я не галасаваў. Таму што там у спісах мае жонка і цешча, а яны грамадзянкі Украіны. І нават цешча зараз у Харкаве жыве.
Згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, права абіраць могуць толькі грамадзяне Беларусі. Мужчына напісаў скаргу ў Пракуратуру з просьбай правесці праверку па дадзеным факце парушэння выбарчага заканадаўства.
Сам жа 36-ы ўчастак знаходзіцца ў школе, а старшынёй выбачай камісіі з’яўляецца дырэктарка гэтай школы – спадарыня Громава. Напярэдадні яна выклікала на назіральніцу Наталлю Манькоўскую АМАП з-за таго, што тая нібы перашкаджала выбаршчыкам. Сама назіральніца ў гэты момант спрабавала сфатаграфаваць копію пратакола.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск