Зноў у камісіях толькі свае (абноўлена)



Да такога вываду прыйшлі праваабаронцы Уладзімір Вялічкін з Берасця і Сяржук Русецкі з Бярозы, калі прааналізавалі склад тэрытарыяльных і раённай камісій у Берасці і Бярозе. У камісіях старыя правераныя кадры, кажа Уладзімір Вялічкін:

– Яны ўвесь час бяруць удзел у выбарах на розных узроўнях і розных пасадах. То бок камісія ў сваёй большасці складаецца з работнікаў адміністрацыі горада Берасця.

Сяржук Русецкі:

– Бярозаўская раённая выбарчая камісія створана фактычна з усіх тых, хто і раней там працаваў, у тым ліку на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Яе касцяк – цяперашнія і былыя супрацоўнікі райвыканкама.

Праваабаронцы Вялічкін і Русецкі нічога новага ад цяперашняй выбарчай кампаніі не чакаюць. Па іх словах, ужо цяпер можна смела называць імя новага прэзідэнта, праверанага часам з 21-гадовым вопытам праўлення. Па такім прынцыпе і складаліся выбарчыя камісіі.

* * *

У сталічныя выбарчыя камісіі на 130 месцаў увайшлі толькі тры апазіцыянеры. Каардынатар кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніс Садоўскі прысутнічаў на паседжанні, дзе абвяшчаўся склад агульнагарадской і тэрытарыяльных менскіх выбарчых камісій. “Пасля аналізу складу камісій на папярэдніх выбарах і на будучых выводзіцца цікавая лічба: 65% ад усіх сябраў застаюцца тымі ж самымі. Амаль ніякіх магчымасцяў рэальна трапіць у склад выбарчых камісій у большасці прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і ўвогуле грамадскасці няма”, — перакананы Садоўскі. Назіральнік лічыць, што выбары прэзідэнта плануюцца па той жа самай схеме, як і ў 2010-м годзе.

“На жаль, ніякіх сур’ёзных зменаў няма. І хутчэй за ўсё, можна зараз казаць, што рыхтуюцца тыя ж самыя фальсіфікацыі, якія былі”, — мяркуе Садоўскі. У Менскі гарадскі выбаркам ад Партыі БНФ увайшоў Зміцер Каспяровіч, прадстаўнік БСДП Грамада трапіў у Заводскі выбаркам, а “Справядлівага свету” — у Савецкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота euroradio.fm