У судовым працэсе над супрацоўнікамі „Белгазпрамбанка” працягнуты перапынак



У судовым працэсе па справе топ-менеджараў „Белгазпрамбанка” працягнуты перапынак, паведамляе тэлеграм-канал былога кіраўніка банка і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі.

„У судзе па справе Віктара Бабарыкі працягнуты перапынак, пасяджэнняў 9 і 10 сакавіка не будзе”, — гаворыцца ў паведамленні.

Працэс па справе „Белгазпрамбанка” пачаўся 17 лютага і праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі адмоўлена, нягледзячы на тое што суд абвешчаны адкрытым.

23 лютага стала вядома, што ў судзе абвешчаны перапынак як мінімум да 9 сакавіка ў сувязі з хваробай аднаго з чальцоў складу суда.

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі адзначаў, што яго падабароннага не паставілі ў вядомасць аб перапынку па яго справе ў судзе. Абаронца 26 лютага наведаў Бабарыку ў СІЗА КДБ. „Аказалася, што яму нават не паведамлялі пра перапынак у судзе. Даведаўшыся пра прычыны перапынку, ён таксама здзівіўся, чаму не задзейнічаны запасны суддзя або народны засядацель, якія абвешчаныя былі ў першы дзень пасяджэння. Яшчэ пагаварылі пра канспіралогію і інфармацыйныя ўкіды, пасмяяліся”, — напісаў Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале.

Сама справа паўстала летам мінулага года, праз месяц пасля таго, як Віктар Бабарыка абвясціў пра свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду старшыні праўлення банка. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана каля 4 млн даляраў, каштоўныя паперы на 500 тыс. даляраў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (яна фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн даляраў. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя.

18 чэрвеня Віктара Бабарыку затрымалі. Былому банкіру выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).

Топ-менеджарам „Белгазпрамбанка” Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, Аляксею Задойку і Сяргею Дабралёту было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 430 КК, заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку — па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару ў буйным памеры).

belapan.by