У судзе над Статкевічам, Ціханоўскім, Лосікам перапынак на два тыдні
У закрытым судзе над групай палітвязняў, які праходзіць у гомельскім СІЗА № 3, аб’яўлены перапынак на два тыдні. Пра гэта паведаміла ў Facebook жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Яна мяркуе, што рыхтуюцца спрэчкі бакоў і да канца лістапада можа быць агучаны прысуд.
Суд пачаўся 24 чэрвеня. Судзяць блогераў Сяргея Ціханоўскага, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка, аператара Арцёма Сакава, мадэратара сацсетак Дзмітрыя Папова, палітыка Мікалая Статкевіча. Сярод абвінавачванняў — „масавыя беспарадкі”, „распальванне сацыяльнай варожасці”. Палітвязням пагражае ад 12 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
