У Свіслачы пераследуюць актывіста Юрыя Глебіка
Узнаўляецца ціск на свіслацкага грамадскага актывіста Юрыя Глебіка. Як распавёў актывіст, 1-га лістапада завіталі да яго прадстаўнікі міліцыі і паведамілі, аб складзеным пратаколе за нібыта здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне.
– Прыйшлі на працу трое міліцыянтаў, прынеслі складзеныя пратаколы і будуць перадаваць справу ў суд. Пратаколы складзеныя так: “несанкцыянаваны мітынг, незарэгістраваная сімволіка” – і без дазволу райвыканкама ўсё адбывалася.
Як распавёў Юры Глебік справа датычыць падзеяў з 26 кастрычніка. У Свіслачы тады прайшло пахаванне грамадскага актывіста Віктара Дзесяціка і адбыўся традыцыйны штогадовы Дзень памяці паўстанцаў 1863 году.
Юры Глебік тады выступіў перад прысутнымі і трымаў у руках нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
За акцыяй памяці пільна сачылі міліцыянты і людзі ў цывільным. Два гады таму, у лістападзе Юрый Глебік ужо быў аштрафаваны за ўдзел у святкаванні Дня памяці паўстанцаў 1863 году. Тады суддзя Жана Салагубік засудзіла яго, а таксама Анатоля Валюка і Віктара Дзесяціка да штрафу ў 10 базавых велічынь кожнага.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя