У такой сітуацыі выбары не павінны праводзіцца



Выбары прэзідэнта ў перыяд эпідэміі з прававога пункту гледжання будуць легітымнымі, паколькі не ўведзена надзвычайнае становішча. Але на практыцы можа адсутнічаць яўка, людзі не будуць адчыняць дзверы пры зборы подпісаў і прыходзіць на пікеты, паколькі сядзяць дома і баяцца віруса. У гэтым перакананыя апытаныя прадстаўнікі берасцейскай дэмакратычнай супольнасці.

Экс-кандыдат у дэпутаты ў парламент, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Мароз адзначыў, што ў перыяд эпідэміі не павінны ісці выбарчыя працэсы:

– Грунтуючыся на тым, што ў нас эпідэміялагічная абстаноўка, скажам так, напружаная, інфармацыі як такой няма, і яна замоўчваецца, усё робіцца па загадзе: дзеці – у школу, дзеці – са школы… Канешне, у такой сітуацыі выбары не павінны праводзіцца.

Прадстаўнікі берасцейскай дэмакратычнай супольнасці не выключаюць, што мэтазгодным будзе перанесці выбары на год. Але ўлады хутчэй за ўсё не пойдуць на такія крокі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце